Ціханоўская пераехала ў Польшчу: як падзеліцца яе каманда паміж Варшавай і Вільняй?
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская распачала працу ў Варшаве, дзе неўзабаве адкрыецца Офіс Святланы Ціханоўскай, які будзе працаваць як у Варшаве, так і ў Вільні.
У Варшаву пераедзе частка каманды, у прыватнасці тыя, хто валодае польскай мовай і добра ведае польскі кантэкст — галоўны дарадца Франак Вячорка і старэйшы дарадца Аляксандр Дабравольскі, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Офіс у Вільні працягвае працу, захоўваючы рэгістрацыю і дыпламатычную акрэдытацыю. Дырэктарам віленскага Офіса будзе дарадца Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.
– Мы пашыраем дзейнасць на Варшаву, і спадзяюся, нашая прысутнасць тут узмоцніць каардынацыю з польскімі і міжнароднымі саюзнікамі, а таксама з беларускай супольнасцю ў Польшчы. Менавіта ў Польшчы цяпер знаходзіцца найбольшая беларуская супольнасць у выгнанні.
Разам з тым мы працягваем працу ў Літве і з літоўскім урадам. Мы ўдзячныя польскаму і літоўскаму ўрадам за няспынную падтрымку нашага руху і салідарнасць, – адзначыла Ціханоўская.
Нагадаем, восенню 2025 года стала вядома, што Літва знізіла ўзровень фізічнай аховы лідаркі дэмакратычных сіл Беларусі.
Читайте еще
Избранное