Карней: «Няма ўжо чаго «даставаць з шырокіх штанін дублікатам бясцэннага грузу»
Былы палітвязень — пра тое, як помслівы рэжым робіць са сваіх грамадзян падвід «беларус несапраўдны».
—Уся сутнасьць шакальскіх паводзінаў — цішком напаскудзіць і нават не папярэдзіць,— піша Ігар Карней. — Калі зьявіліся першыя паведамленьні пра абнуленьне пашпартоў выдвараных палітзэкаў, ні граму не сумняваўся, што апынуся ў пачэсных шэрагах. Так урэшце і здарылася.
Аднак сапраўдны квэст — пераканацца ў тым на ўласныя вочы! Бо да таго безвынікова штурмаваў сайт Міністэрства юстыцыі, куды адправіла судовая выканаўца, каб не задаваў дурных пытаньняў адносна выстаўленай сумы запазычанасьці. Маўляў, там усё напісана. Сама, відаць, не ў курсе, што такога кшталту сумнеўныя ведамствы ў прыстойных грамадзтвах забаненыя, каб не шакаваць рафініраваную публіку. Карацей, міма цэлі.
Інтэрнэт-старонка Міністэрства ўнутраных спраў, на дзіва, адчыняецца. Аднак стварыць уліковы запіс у асабістым кабінеце немагчыма ў прынцыпе – парачка спробаў пераканала, што «заразны трафік» з замежжа стрымліваецца яшчэ на аддаленым падыходзе. Балазе, апошні беларус яшчэ не адключыў рубільнік у Астраўцы, таму нічога не засталося, як прасіць добрых людзей паспрыяць у «раскопках» на месцы.
Усё пра ўсё заняло пару хвілін – «документ недействителен». Ганаровая «капуста» на тытуле дачасна выпусьціла дух.
Можа таму, што па ўсіх афіцыйных дакументах і я, і сотні калег па форс-мажорных абставінах (у каго не скончыліся тэрміны зьняволеньня) фармальна працягваем адбываць пакараньне. Ня ведаю, як у астатніх, а мяне яшчэ ў пачатку шклоўскага карантыну прымусілі падпісаць паперку аб абмежаваньні на выезд. І самі ж пры гэтым потым выштурхнулі. Поўны абсурд.
Зрэшты, у шэрагу пазбаўленых ідэнтыфікацыйнага дакументу ёсьць і тыя, чый арыштанцкі будзільнік празьвінеў неўзабаве пасьля выдварэньня, таму пашпарт цяпер з безальтэрнатыўнай функцыяй – для падціраньня. Вобразна кажучы, як і пра любую макулатуру.
А я па наіўнасьці яшчэ разьлічваў, што да 2030 году маю прыстойны люфт: за гэты час альбо ішак здохне, альбо падышах памрэ. Літаральна на тоненькага пасьпеў зрабіць новы ў пачатку лета 2020-га. Цікава, каб нехта першым не праявіў ініцыятыву спраўдзіць сапраўднасьць сіняй кніжыцы – так і маўчалі б? Пэўна, што так.
Праўда, у гэтым шэрагу ёсьць яшчэ і трэці варыянт — сам трымальнік пашпарту здырдзіцца. І ўсё ж апошняе хочацца перавесьці ў тэарэтычнае рэчышча, занадта шмат яшчэ незакрытых гештальтаў менавіта на радзіме...
Шчыра кажучы, калі пачынаючы з восеньскай партыі зьявіліся зьвесткі, што некаторых вытаргаваных вязьняў выставілі без пашпартоў, стала нават няёмка перажываць, што ў нашай першай адносна масавай, летняй групоўкі, забралі толькі судовыя прысуды, апеляцыі, лісты ад родных.
Як аказалася, далей гэта стала звыклай зьявай у дачыненьні да ўсіх «лішніх» у сваёй жа краіне. А вось нагадзіць постфактум, ануляваўшы дзейныя дакументы – новы від вычварэнства, якое ў прасунутае стагоддзе выглядае рэхам пакалечанага цемрашальства. Калі не да законаў — то ўжо ва ўсім.
Так што няма ўжо чаго, цытуючы глашатая гібрыдных войнаў, «даставаць з шырокіх штанін дублікатам бясцэннага грузу». Адзінае, што гэта ўсё ж збольшага танная помста для самазадавальненьня звар’яцелага рэжыму і на міжнародным узроўні на саміх “лішэнцах” не адаб’ецца. Хіба толькі калі зараз жа кінуцца штурмаваць “саюзную прастору”...
Читайте еще
Избранное