«Рэспандэнты нават здзіўленне выказвалі: маўляў, дзе мы, а дзе Еўропа, цягнікі не ходзяць, візу не атрымаеш»

Кіраўнік беларускай ініцыятывы Chatham House Рыгор Астапеня патлумачыў, чаму беларусы сёння ў большасці выбіраюць саюз з Расіяй, а не з Еўропай. І чаму не хочуць, каб Беларусь уступала ў НАТА.

— У адказах на пытанне аб геапалітычным выбары паміж саюзам з Расіяй і ўступленнем у Еўразвяз таксама даволі шмат набірае варыянт «па-за межамі абодвух саюзаў». Ці можа падтрымка ўступлення Беларусі ў НАТА раптоўна вырасці з 8% да 100% ці нават да 50%? Не, не можа, — кажа Рыгор Астапеня пра вынікі новага апытання ў інтэрв'ю Свабода Premium.

— Грамадства гэтага не прымае. З розных прычын: нехта мае прарасійскія ўяўленні, нехта кепска ставіцца да НАТА.

Рыгор Астапеня

— Ладная частка грамадства ўпэўненая, што Беларусі не варта ісці ў НАТА ні пры якіх абставінах, нават самых спрыяльных. Гэта апрыёрнае, ідэалагічнае непрыманне, незалежнае ад умоў.

Але варта нагадаць, што Беларусь ніколі не была пранатаўскай краінай. Дарэчы, гадоў 10-15 таму пранатаўскай не была і Украіна.

Можа, праз 20 ці 50 гадоў сітуацыя ў Беларусі зменіцца. Грамадства можа кардынальна змяніць свае погляды пад уплывам істотных падзеяў, аднак неабавязкова гэтыя змены ў лепшы бок. Пакуль яно мяняецца ў горшы бок. Хаця ў некаторых пытаннях сітуацыя не такая і кепская.

Палітолаг лічыць, што калі толькі 27% беларусаў падтрымліваюць ваенныя дзеянні Расіі ва Украіне, то гэта «трэба адзначаць як свята» з улікам стану, у якім сёння знаходзіцца Беларусь.

— Але ёсць негатыўная дынаміка, бо Беларусь робіцца часткай «рускага міру». Ад чаго быць праеўрапейскім настроям? У нас на фокус-групах рэспандэнты нават здзіўленне выказвалі, калі мы іх пыталіся пра стаўленне да Еўропы: маўляў, дзе мы, а дзе Еўропа, яна мала звязаная з нашай рэчаіснасцю — даехаць туды складана, цягнікі не ходзяць, візу не атрымаеш.

Калі такая палітыка будзе працягвацца, праеўрапейскія настроі будуць змяншацца і надалей.

Была ў апытанні, працягвае Астапеня, і адносна невялікая група людзей, якая адначасова выступае за саюз з Расіяй, але пры гэтым не падтрымлівае яе ў яе вайне супраць Украіны.

— Як гэта спалучаецца? Гэтыя людзі ўспрымаюць сітуацыю так, што ў іх няма выбару. Мяжа адчыненая толькі ў адзін бок. Гандляваць Беларусь можа фактычна толькі з адной краінай. Для многіх гэта важна. І чалавек можа быць прарасійскіх поглядаў, але быць супраць вайны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)