Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.
Святочныя богаслужэнні праходзяць ва ўсіх каталіцкіх храмах і малітоўных дамах Беларусі. Уначы там запалілі жыватворны агонь.
У вігілію Вялікадня свой віншавальны зварот да вернікаў накіраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі:
— Уваскрасенне Хрыста — гэта наша надзея, гэта надзея ўсяго чалавецтва і ўсяго свету! Касцёл з радасцю абвяшчае гэту надзею, якую Бог зрабіў моцнай і непераможнай.
Сёння мы вітаемся «Хрыстос уваскрос!», і ад кожнага хочам пачуць у адказ «Сапраўды ўваскрос», бо такім чынам мы сведчым, што мы хрысціяне, людзі добрай волі.
Хрыстус жыве і хоча, каб і ты жыў. Кожны хто дазваляе Уваскросламу Хрысту дакрануцца свайго сэрца, становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста, які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету.
Будзем жа сапраўднымі сведкамі нашай веры ва Уваскрослага Пана! Няхай Пасхальная таямніца, якая ўслаўляе моц збаўчай любові Хрыста, умацуе нашу веру ў Яго прысутнасць сярод нас.
Ідучы па жыцці, давайце, па прыкладзе апосталаў i Марыі Магдалены з раніцы Уваскрасення, пойдзем з гэтай радаснай навіной насустрач нашым братам і сёстрам, каб і яны паверылі ў Хрыста і Яго ўваскрасенне! (пар. Мц 28, 1-8).
Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.
Віншуючы з радасным святам надзеі, давяраю ўсіх вас Маці ўваскрослага Пана Багародзіцы Марыі і благаслаўляю: у Імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн».
Далучаецца да віншаванняў і лідарка дэмсілаў Беларусі Святлана Ціханоўская:
«Віншую са святам усіх, хто сёння адзначае Вялікдзень.
Пра што гэта свята? Так, гэта дзень уваскрашэння Хрыста, але разам з гэтым — гэта свята доўгачаканага цуду. Дзень, калі вера і надзея перамаглі падман і варожасць.
Памятайце: усё становіцца магчымым, калі мы не губляем веру і працягваем працаваць дзеля лепшай будучыні. Нават калі нешта здаецца далёкім і няздейсным, надыходзяць дні, калі свет перамагае над змрокам.
Хрыстос Уваскрос – Сапраўды Уваскрос!»
«Салідарнасць» далучаецца і віншуе чытачоў са светлым святам Хрыстовага Уваскрэсення.
Читайте еще
Избранное