Статкевіч: «Калі мы будзем і надалей так паслядоўна і ўпарта даводзіць Богу, што нас няма, то нас і сапраўды не стане»

Палітык напярэдадні Радуніцы заклікаў беларусаў пісаць на помніках па-беларуску і не маліцца на мове, якой размаўлялі маскоўскія войскі.

 Заўтра беларусы паедуць па могілках, каб ўзгадаць і ўшанаваць сваіх памерлых блізкіх, — нагадвае Мікалай Статкевіч. — Але чаму помнікі блізкіх амаль усіх беларусаў маюць надпісы толькі на чужой мове? Што, у Бога ўжо больш няма такога народа? Ці гэта нашы мёртвыя баяцца падазрэння ў недабранадзейнасці, калі іх імёны будуць напісаны на помніках на «подозрительном националистическом языке»?

Але ж мёртвым ужо не выпадае баяцца. Ці гэта мы самі баімся? Чаго? Мы нават не звяртаемся на нашай мове да Бога ў сваіх малітвах. Што, гэта таксама страшна?

Ён прызывае не верыць заявам РПЦ, што малітвы і службы ў храме ідуць на стараславянскай мове.

— Насамрэч яны — на маскоўскай мове сярэдзіны ХVII стагоддзя, — адзначае Статкевіч. — Менавіта на гэтай мове размаўлялі маскоўскія войскі, якія прыйшлі тады на нашу зямлю і знішчылі больш за палову нашага народа.

Калі мы будзем і надалей так паслядоўна і ўпарта рознымі спосабамі даводзіць Богу, што нас няма, то нас і сапраўды не стане.