Политика

Статкевіч: «Магчыма, я пакінуты жывым і зараз на волі толькі таму, каб папярэдзіць вас»

Палітык апублікаваў свой першы артыкул.

«Апакаліпсіс заўтра. Зона смерці на «балконе» — пад такой назвай Мікола Статкевіч размясціў вялізны артыкул на сваёй Тэлеграм-старонцы. Адначасова размешчана і англамоўная версія.

Мікола Статкевіч у першыя дні пасля вызвалення

— Еўрапейскія лідары ўпарта сцвярджаюць, што ў найбліжэйшыя гады з нападу Расіі пачнецца вайна ў Еўропе, — піша Статкевіч.

Гэтыя заявы не могуць не мець пад сабой сур'ёзных падстаў. Думаю, што еўрапейскія выведкі зрабілі сур'ёзныя высновы пасля іх правалу ў пачатку 2022 года, калі толькі амерыканская электронная і брытанская агентурная выведкі ўскрылі падрыхтоўку Расіі да нападу на Украіну, і маюць сур'ёзныя падставы, каб даваць лідарам сваіх краін такія прагнозы.

Зробім свой аналіз сітуацыі і сфармуем свой прагноз на яе развіццё, бо гэта непасрэдна ўплывае на лёс нашай краіны.

Разгледзім матывы Крамля для развязвання новай вайны (галоўны з іх — недасягненне мэтаў вайны з Украінай), механізмы прыняцця ім рашэнняў, ступень гатоўнасці да прымянення ядзернай зброі.

І. Мэты вайны і ступень іх дасягнення

1. Прадухіленне пашырэння НАТА і набліжэння яго да межаў РФ з'яу‌ляецца толькі фармальнай нагодай для вайны.

Але сітуацыя для РФ у супрацьстаянні з НАТА пасля пачатку вайны толькі пагоршылася. Да яго далучыліся Швецыя і Фінляндыя, з-за чаго расійскі Балтыйскі флот апынуўся сярод варожых берагоў і нават часткова ператвараецца ў азёрны — частка малых ракетных караблёў пераводзіцца ў Ладажскае возера, дзе пасля пуску ракет «Калібр» можна схавацца ад удару ў адказ хоць бы ў шхерах.

А з фінскай тэрыторыі, як і з Батнічнай затокі, цяпер можна наносіць удары па базах атамных падводных лодак, размешчаных у бухтах паўночнага берага Кольскай паўвыспы, нават тактычнымі ракетамі і дронамі. Таксама, у зоне іх дасягальнасці апынулася чыгуначная станцыя Кандалакша, дзе сыходзяцца чыгункі з Санкт-Пецярбургу і Архангельска і праз якую паўвыспа забяспечваецца ўсім неабходным. Такім чынам, пад пагрозай апынулася большая частка найважнейшага складніка Расійскай ядзернай трыяды.

2. Рэальнай жа галоўнай прычынай вайны была не заваёва Украіны, а, хутчэй, саміх украінцаў — яшчэ мільёнаў з 40‑45 новых падданых імперыі, бо насельніцтва РФ скарачаецца.

У Далёкаўсходняй федэральнай акрузе, якая складае 40% тэрыторыі краіны, жыве толькі 7,8 мільёна чалавек. Розніца ў шчыльнасці насельніцтва па абодва бакі расійска-кітайскай мяжы складае больш за 100 разоў. Пры ўсё большай залежнасці ад Кітая ў стратэгічнай перспектыве гэта можа пагражаць Расіі стратай усходніх тэрыторый.

А цяпер замест мільёнаў хуткіх на нагу ўкраінскіх «заробітчан» Крэмль атрымаў раз'ятраны народ, гатовы ўтрымліваць мільённае войска, супраць якога цяпер таксама трэба мець аналагічную па колькасці армію.

3. Спроба пераадолець крызіс нацыянальна-гістарычнай свядомасці расейцаў пасля распаду СССР.

Войны звычайна пачынаюцца настаўнікамі гісторыі, якія расказваюць пра «спрадвечныя страчаныя землі», спараджаючы ў вучняў гонар за былую веліч і жаданне вярнуць страчанае. Рэальная гісторыя пры гэтым неміласэрна фальсіфікуецца. Германскі мілітарызм мінулага стагоддзя, насамрэч, пачаўся ў пазамінулым стагоддзі, калі над Рэйнам была ўсталяваная гіганцкая статуя Германіка, лідара мясцовых плямён, які шляхам падману і здрады здолеў знішчыць некалькі рымскіх легіёнаў. Тады ж праслаўляліся Карл I, стваральнік Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі, якая ўключала ледзь не ўсю Еўропу, і яго заваёвы.

Натуральна, гэта прывяло да жадання вярнуць «страчанае». І, як наступства, да вайны 1870 года з Францыяй, да Першай сусветнай вайны, да тэорыі «звышрасы» Гітлера і ўсяго, што здарылася потым. У расійскай версіі гэта пачалося з тэорыі «триединого русского народа», прысваення, такім чынам, гісторыі Кіеўскай Русі.

Потым аказалася, што Кіеў стаўся сталіцай незалежнай Украіны, а яго гісторыя, натуральна, часткай гісторыі ўкраінскага народа, што ўвайшло ў супярэчнасць з глыбока ўкаранёнымі ў расійскую масавую свядомасць стэрэатыпамі.

Узніклі пытанні нават па саманазве нацыі. Крэмль спрабаваў «на хаду» прапанаваць новы варыянт адказу на пытанне «Адкуль мы?», заснаваны на легендзе, якая нічым не пацверджаная, пра знаходжанне апостала Андрэя Першазванага ў Херсанэсе (гэта каля цяперашняга Севастопаля).

І на рэальным факце хрышчэння кіеўскага князя Уладзіміра (дарэчы, па знешнасці, апісанай візантыйскімі гісторыкамі, вылітага запарожскага казака пазнейшага часу, нават з «асяледцам»). Тым не менш, каля Севастопаля тэрмінова пабудавалі новую «святыню» для народа.

Але, як некалі казаў лялечны персанаж тады незалежнай расійскай тэлевізіі Хрун Маржоў: «Не внушает». А зараз, пасля чатырох гадоў вайны, сумненняў у нацыянальнай адметнасці ўкраінцаў і іх асобнасці ад расіян няма нават і ў саміх расіян.

Зараз шмат гаворыцца пра неабходнасць барацьбы з фальсіфікацыяй гісторыі, маючы на ўвазе толькі гісторыю савецка-германскай вайны. Згодны, фальсіфікацыя гісторыі вельмі небяспечная рэч. Усёй гісторыі. Адзіны эфектыўны лек ад імперскіх комплексаў — кроў сыноў.

Думаю, каб ніводнаму з народаў не прыйшлося прымаць гэты горкі лек, незалежным гісторыкам пара скласці агульную аб'ектыўную версію гісторыі рэгіёна за апошнюю тысячу гадоў. І шырока распаўсюдзіць яе ў дасціпнай форме (напрыклад, у выглядзе коміксаў).

4. Жаданне прымусіць Захад адмяніць санкцыі, уведзеныя пасля анексіі Крыма.

У Крамлі з лёгкага (аж занадта) языка аднаго тутэйшага палітыка чамусьці ўкаранілася меркаванне, што еўрапейскія палітыкі «не имеют яиц», у адрозненне ад «крутых» дыктатараў. Але чатыры гады таму высветлілася, што гэты аксэсуар маецца і ў дэмакратычных лідараў. А сцвярджэнне зваротнага сведчыць пра няведанне гісторыі рэгіёна.

У 1939 годзе Сталін выставіў ультыматум балтыйскім краінам і Фінляндыі, каб яны прынялі савецкія вайсковыя базы. У балтыйскіх краінах тады кіравалі дыктатары. Яны прынялі ўмовы Сталіна, бо баяліся яго менш, чым уласных народаў. Гэтыя краіны страцілі незалежнасць.

А парламенцкая Фінляндыя адмовіла. Парламент перадаў шырокія паўнамоцтвы па арганізацыі абароны генералу Манергейму, якога парламенцкая сацыял-дэмакратычная большасць, мякка кажучы, не вельмі любіла: пры падаўленні 20 гадоў таму выступу мясцовай Чырвонай гвардыі ён спусціў пад лёд Фінскай затокі шмат паплечнікаў і сяброў дэпутатаў сацыял-дэмакратаў.

Пасля гэтага гадоў з 20 быў амаль нерукапаціскальны, але стварыў грамадскую арганізацыю і, прагназуючы савецкую агрэсію, падрыхтаваў у ёй шмат тысяч лыжнікаў-стралкоў і снайпераў, якія падчас вайны з СССР, у якой апошні атрымаў ганебную паразу, сталіся сапраўдным кашмарам для Чырвонай арміі.

Такім чынам, чатыры гады таму, выявіўшы мужчынскія якасці, еўрапейскія палітыкі не толькі не напалохаліся і не адмянілі санкцыі, але пачалі супраць РФ эканамічную вайну, з-за якой расійская эканоміка знаходзіцца ў рэцэсіі, якая маскіруецца ў публічнай статыстыцы ў прапагандысцкіх мэтах з дапамогай каэфіцыента дэфляцыі.

Істотныя дадатковыя фінансавыя страты нясе прапагандысцкая дэманстрацыя адсутнасці міжнароднай ізаляцыі. Візіты лідараў гэтак званых «дружалюбных краін» у Маскву нясуць страты бюджэту ў дзясяткі мільярдаў даляраў, бо «друзья» едуць толькі дзеля істотных зніжак на расійскую нафту ці газ.

Доля РФ у сусветным валавым унутраным прадукце (ВУП) складае каля 3% і падае, а заявы, што насамрэч з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці (ППЗ) РФ ужо абагнала ФРГ, не на карысць расійскай прапагандзе, бо, калі ўлічваць гэты ППЗ для ўсіх краін, то высветліцца, што РФ ужо абагнала Інданезія, а Бразілія на падыходзе.

Нават калі «гарачая» вайна ва Украіне спыніцца, эканамічная з краінамі, якія ствараюць больш за палову сусветнага валавага прадукту, працягнецца, што прывядзе расійскую эканоміку да рэцэсіі і сацыяльнага крызісу невыканання шматлікіх сацыяльных абавязацельстваў перад ветэранамі вайны ды іх сем'ямі, а вельмі імаверна — і да палітычнага крызісу са зменай улады.

Такім чынам, РФ не дасягнула ніводнай сапраўднай мэты вайны і трапіла ў тупіковую сітуацыю з кепскімі перспектывамі.

Гэтая вайна сталася стратэгічнай памылкай Крамля. А пры стратэгічнай памылцы любое дзеянне, як і бяздзеянне, толькі пагаршаюць сітуацыю.

Разгледзім прычыны гэтага правалу кіраўніцтва краіны, яе выведак і дыпламатыі. Разгледзім механізмы прыняцця рашэнняў Крамлём, якія прывялі да гэтай памылкі.

ІІ. Механізмы прыняцця рашэнняў Крамлём

Ужо відавочна, што гэтыя механізмы заснаваныя на стэрэатыпах расійскай масавай свядомасці ды прапаганды і гістарычных міфах і выключаюць удзел незалежных добрасумленных экспертаў.

Асноўны і самы небяспечны з гэтых стэрэатыпаў — пра наяўнасць «триединого русского народа», і тое, што ўкраінцы і беларусы — гэта «штучна ўтвораныя нацыі». З іх пункту гледжання гэта значыць, што ментальнасць расійскага і ўкраінскага народаў аднолькавыя.

Гэты стэрэатып лёг у аснову прагназавання рэакцыі ўкраінцаў на расійскае ўварванне. Але рэакцыя ўкраінскага народа аказалася зусім іншай ад чаканай, што сведчыць пра глыбокія ментальныя адрозненні двух нацый. Прычыны гэтага адрознення трэба шукаць у іх генезісе.

У ІХ стагоддзі Кіеў захапілі русы — на мовах усіх скандынаўскіх народаў таго часу гэта слова значыла «ваяр-грабец», ім называлі сябе вікінгі, тагачасныя марскія разбойнікі, якія зрабілі горад сваёй базай для далейшых нападаў. Так «Кіеў і ваколіцы» зрабіліся Руссю.

Такім чынам, адзінымі спадчыннікамі тых русаў з'яўляюцца сённяшнія ўкраінцы, якія наследавалі станоўчыя і адмоўныя рысы тых разбойнікаў. У расіян іншае паходжанне. Толькі не трэба згадваць смешны прапагандысцкі міф, прыдуманы пазней нашчадкамі варагаў, каб абгрунтаваць свае права на панаванне пра «прызванне варагаў на Русь».

Гэта значыць, што наўгародскія купцы, людзі суворыя, карыслівыя ды смелыя, паклікалі разбойнікаў, каб тыя навялі парадак у іх куфрах з грашыма і складах з пушнінай? Вы сапраўды гэтаму верыце?

Звернемся да расійскага аўтарытэтнага гісторыка Салаўёва, які падзяляў тагачаснае насельніцтва на дзве катэгорыі: мужоў і мужыкоў ці смердаў. Першыя — гэта дружыннікі ці баяры князя (тады пераважна з варагаў) — сапраўдныя людзі, якія маюць зброю, валодаюць ёю і гатовыя абараніць свой гонар, сваіх блізкіх і маёмасць са зброяй у руках.

Другія — «малыя няпоўныя людзі», якія гэтага не могуць і з'яўляюцца толькі «кармавой базай» для першых. Глыбока сімвалічна, што ў Расіі слова, якое да рэформы 1863 года было назвай сельскагаспадарчых рабоў, дагэтуль з'яўляецца кампліментам мужчыну.

Дзякуючы стэрэатыпам пра наяўнасць «триединого русского народа», у Крамлі вырашылі, што нашчадкі мужоў будуць паводзіць сябе як нашчадкі мужыкоў. Гэта — вялікая памылка. Такая ж памылка дапускаецца і ў адносінах да беларусаў.

Тэма настолькі важная і небяспечная для нас, што мушу спыніцца на ёй падрабязна.

У калоніі ў мяне быў перыяд, калі мне 5 месяцаў не выдавалі кніг з тамтэйшай бібліятэкі. Таму чытаў усё запар, што было ў суседзяў. Аднойчы мне перадалі тоўстую (і тым вельмі каштоўную ў тых варунках) кнігу аднаго з апалагетаў «рускага свету» Максіма Калашнікава.

Сапраўднае прозвішча гэтага кулямётна-аўтаматнага псеўданіма, як лёгка здагадацца — банальнае Кучарэнка. Кніга, што звычайна для літаратуры такога кшталту, выкрывае сусветную змову супраць Расіі, яшчэ і ўтрымлівае гістарычны агляд з вялікай колькасцю элементарных факталагічных памылак, што прымусіла засумнявацца ў заяўленай гістарычнай адукацыі аўтара.

Але быў там адзін раздзел, які прыцягнуў маю ўвагу. Аўтар разглядае менталітэт расейцаў па іх стаўленні да зямлі, улады, царквы і г. д. Усяго па 7 кірунках. Разглядае дастаткова аб'ектыўна і шчыра.

Я прааналізаваў па яго схеме менталітэт беларусаў. Супадзенні з расейцамі былі толькі па палове аднаго з пунктаў. Калі лічыць іх аднолькава важнымі, то беларусы супадаюць па сваёй ментальнасці з расейцамі на 7%. Неяк малавата для «адзінага народа». Тым болей, што 2020 год яскрава высветліў існаванне нашай адметнай самастойнай нацыі. І якой нацыі!

Таксама значна ўплываюць на рашэнні Крамля развязаныя ім прапагандысцкія кампаніі.

Асаблівасць прапаганды ў тым, што яе аўтары раней ці пазней пачынаюць верыць у яе праўдзівасць. То-бок так доўга казалі, што «Украіна — недогосударство, ткни — развалится, а клоун убежит», што самі паверылі ў гэта. Але Украіна не развалілася, «клоўн» аказаўся годным прэзідэнтам і цяпер Крэмль не ведае, як выблытацца з гэтай вайны, захаваўшы твар.

Акрамя таго, калі прапагандысцкія стэрэатыпы аказваюцца ўкаранёнымі ў грамадскую свядомасць, дзеянні ўладаў мусяць адпавядаць гэтым стэрэатыпам, што пазбаўляе ўлады магчымасці палітычнага манеўру.

Самае кепскае, калі прапагандай займаецца першая асоба краіны. Незалежная аналітыка ў такім выпадку робіцца немагчымай. Бо эксперты і дарадцы мусяць падагнаць свае пазіцыі пад меркаванне першай асобы і толькі пераагучваць афіцыйную пазіцыю.

Калектыўныя рашэнні ў такіх варунках немагчымыя і робяцца аднаасобнымі, што ўплывае на іх якасць, бо першая асоба, пазбаўленая экспертнай падтрымкі і маючы ўласныя матывы і зацікаўленасці, нярэдка прымае шкодныя для сваёй краіны рашэнні ці нават трапляе ў недарэчныя сітуацыі, як гэта было з прэзідэнтам РФ, калі той публічна даводзіў нерэальныя даныя пра баявыя страты Украіны.

Не сумняваюся, што ён толькі агучваў звесткі, пададзеныя яму афіцыйна расійскімі генераламі. Побач не знайшлося дасведчанага дарадцы, які б патлумачыў, што сярод генералаў з савецкіх часоў дамінуе прынцып: «Галоўнае — правільна далажыць». Што прыводзіць да празмернага завышэння страт праціўніка.

Так, падчас савецка-германскай вайны згодна з дакладамі з савецкіх войскаў агульныя страты вермахта склалі болей за 80 мільёнаў чалавек, што перавысіла агульную колькасць насельніцтва ў даваеннай Германіі.

Такім чынам, сістэма прыняцця рашэнняў у Крамлі аднаасобная, без кваліфікаванай экспертнай падтрымкі і пад моцным уплывам жадання Пуціна захаваць уладу. Дадатковая рызыкі ўтвараюць персанальныя практыкі прыняцця рашэнняў кіраўніком.

Агучаны Пуціным метад «загрузіць на ноч задачу ў мозг і прачнуцца раніцай з гатовым рашэннем» сапраўды дзейсны. Я сам карыстаўся ім для працы над дысертацыямі. Але ён падыходзіць толькі для пасіўных аб'ектаў. Спробы прымяніць яго ў палітыцы, дзе аб'екты рашэння з'яўляюцца актыўнымі і валодаюць уласнай воляй, як правіла, прыводзілі да палітычных памылак і страт.

Такім чынам, існуючая сістэма прыняцця рашэнняў у Крамлі нясе вялікія рызыкі непрадуманых авантурных рашэнняў.

Падсумоўваючы, можна сцвярджаць, што ў такой сістэме прыняцце рашэння аб пачатку вайны, нават з прымяненнем ядзернай зброі, вельмі імавернае.

Такім чынам, рызыка развязвання РФ вайны з Захадам з'яўляецца сапраўды высокай.

Разгледзім, дзе можа пачацца такая вайна і якія рызыкі яна нясе для нашай краіны і свету.

ІІІ. Беларускі «балкон»

Так расійскія генералы называюць нашу краіну, бо з нашай тэрыторыі можна наносіць удары па трох краінах НАТА і Украіне. Сталіцы гэтых краін знаходзяцца на небяспечна малой адлегласці ад беларускай мяжы.

Відавочна, што першы ўдар расійскіх войскаў будзе наносіцца з беларускай тэрыторыі і скіраваны супраць балтыйскіх краін, якія знаходзяцца ў геаграфічным адрыве ад буйных краін НАТА і могуць быць ізаляваныя ад іх. Да таго ж іх акупацыя дазволіць вярнуць Балтыйскаму флоту аператыўны прастор і зрабіць бяспечнымі марскія камунікацыі з Калінінградскай вобласцю ды забяспечыць больш гарантый для экспарту расійскіх вуглевадародаў з партоў Ленінградскай вобласці.

Асноўны ўдар будзе наносіцца не па Эстоніі, усходняя мяжа якой прыкрытая буйнымі азёрамі, а па Латвіі, каб дайсці да Рыгі ці да Рыжскай затокі і разрэзаць Балтыю на дзве часткі, з мэтай пазбавіць сілы, якія яе абараняюць, манеўру, і, прынамсі ва Усходняй Балтыцы, забеспячэння і падмацавання. Удар будзе наносіцца з раёна Полацка.

Адначасова будзе нанесены ўдар з раёна Гародні ў кірунку Каўнаса і Клайпеды. Ён можа быць падмацаваны ўдарам расійскімі сіламі на Каўнас з тэрыторыі Калінінградскай вобласці, каб далей захапіць Клайпеду і не дапусціць скарыстання гэтага порта для падвозу падмацавання і вайсковага рыштунку. Яшчэ адзін удар можа быць нанесены з раёна Ашмянаў на Вільню з-за прываблівай блізкасці гэтага горада да мяжы.

Вы можаце спытацца, а што я гэтак упэўнена прагназую? Проста расійскія генералы любяць скарыстоўваць напрацоўкі сваіх савецкіх калег. Напрыклад, сапраўды вельмі ўдалай і самай эфектыўнай з усіх у Другой сусветнай вайне па сваіх выніках аперацыі «Баграціён». Дастаткова толькі паглядзець мапы гэтай аперацыі.

Восенню 2015 года пасля чарговага вызвалення, выступаючы на канферэнцыі, што адбывалася ў Варшаве пад эгідай АБСЕ, і каментуючы размяшчэнне ў Бранскай вобласці мотастралковай брыгады, я выказаў меркаванне, што гэтая брыгада можа быць скарыстаная супраць Украіны для ўдару па правым беразе Дняпра на Кіеў, што ўжо рабіла савецкая армія ў мінулай вайне.

Толькі тады для гэтага прыйшлося фарсіраваць з вялікімі стратамі Дняпро ў раёне Лоева. А зараз можна камфортна перасячы яго і Прыпяць па мастах на тэрыторыі Беларусі. Што і зрабіла чатыры гады таму расійская групоўка ўварвання. Без такой магчымасці расійскі бліцкрыг быў бы немагчымым і вайна з Украінай увогуле не пачалася б.

На жаль, мой тагачасны прагноз спраўдзіўся праз 7 гадоў, што пацвердзіла эфектыўнасць падыходу. І зараз перада мною ляжыць кніга з мапамі аперацыі «Баграціён», дакладней, яе 2-й, «прыбалтыйскай» часткі, што робіць задачу прагнозу больш лёгкай.

ІV. Прымяненне ядзернай зброі

Гэта ідэя, нібыта, абмяркоўвалася сярод расійскага генералітэту яшчэ з нулявых гадоў. Канкрэтныя планы, калі верыць таму, што трапляла ў незалежны друк, былі такія — раптоўна пачаць баявыя дзеянні, адхапіць як мага болей тэрыторыі, а потым, калі НАТА адмабілізуецца на адказ, нанесці ўдар ядзернымі боегалоўкамі, каб шляхам перамоў з «бязяйкавымі» запалоханымі еўрапейскімі палітыкамі замацаваць за сабой захопленае.

Зараз, калі еўрапейскія палітыкі праявілі зусім іншыя ад чаканых якасці, з'явілася і актыўна абмяркоўваецца ў расійскім каляваенным друку ідэя прэвентыўнага ядзернага ўдару па месцах дыслакацыі ядзерных сіл НАТА ў Еўропе, каб не атрымаць «ответки» пасля выкарыстання ядзернай зброі супраць НАТА, напрыклад, у Балтыі пасля ўварвання расійскіх войскаў туды.

Найбольш імаверным месцам расійскага ядзернага ўдару будзе Сувалкаўскі калідор, каб зрабіць немагчымым адпраўку праз яго падмацавання ў Балтыю, калі чыгунка там будзе знішчаная, асфальт на шашы згарыць і ўсё гэта будзе завалена палаючымі радыёактыўнымі дрэвамі.

Яшчэ магчымыя ўдары па «вузкіх месцах» трансбалтыйскіх магістраляў, месцах збою падмацавання і матэрыяльных рэсурсаў. Цяпер расійскія генералы разумеюць, што «ответка» Захаду на гэта будзе і шукаюць шляхі пазбегнуць гэтага адказу — рай раем, але жыць хочацца ж. Актыўна абмяркоўваюцца ідэі, як гэта прадухіліць.

Напрыклад у часопісе «Зброя» («Оружие») пастаяннай тэмай зрабілася абмеркаванне варыянтаў прэвентыўнага ядзернага ўдару па месцах дыслакацыі тактычных ядзерных сіл НАТА.

Іх спадзяванні наступныя: калі ўдар будзе нанесены тактычнай ядзернай зброяй, то ЗША са сваімі магутнымі стратэгічнымі ядзернымі сіламі ўмешвацца не будуць, бо, як з глумлівым здзіўленнем канстатуе аўтар прапановы, чамусьці вераць у тое, што стратэгічная і тактычная ядзерная вайна могуць быць рознымі.

У выпадку, калі РФ будзе наносіць удары толькі тактычнай ядзернай зброяй з меншай дальнасцю, то ЗША, на іх думку, выкарыстаюць гэта як нагоду для непрымянення сваёй стратэгічнай ядзернай зброі вялікай дальнасці і развязвання такім чынам сусветнай ядзернай вайны.

Такім чынам, Расіі застаецца толькі нейтралізаваць 100 тактычных тэрмаядзерных авіабомбаў магутнасцю па 500 кілатон, размешчаных на авіябазах НАТА ў Італіі, Нідэрландах, Бельгіі, Германіі, а таксама знішчыць ядзерны патэнцыял Брытаніі, бо Канстытуцыя Францыі дазваляе выкарыстанне ёю ядзернай зброі толькі дзеля самаабароны пры ядзерным нападзе на яе тэрыторыю.

Праўда, аўтар не тлумачыць, як з пункту гледжання Канстытуцыі Францыі будзе расцэньвацца, напрыклад, ядзерны ўдар па авіябазе НАТА ў Германіі побач з французскай мяжой, калі ў бок Францыі пойдзе ўдарная хваля і радыёактыўныя аблокі.

З Брытаніяй праблем аўтар увогуле не бачыць. Там чатыры атамныя падводныя лодкі з ракетамі «Пасейдон» з ядзернымі боегалоўкамі, дзве з якіх, гатовыя да пуску гэтых ракет, нясуць баявое дзяжурства ў порце, дзе іх можна лёгка знішчыць, а трэцяя нясе такое дзяжурства ў адкрытым моры.

Аўтар лічыць, што калі ў РФ з'явілася падводная атамная лодка-знішчальнік падводных лодак праціўніка, то тая расійская падлодка можа знайсці ды знішчыць адзіную брытанскую падлодку, якая дзяжурыць у моры. Мабыць, ён не ведае, якая гэта складаная задача — найперш выявіць падводную лодку НАТА з яе найноўшымі тэхналогіямі бясшумнасці ў Сусветным акіяне, тым болей канкрэтную.

Такія разважанні здзіўляюць сваёй некампетэнтнасцю. Але такі зараз узровень расійскіх экспертаў і іх высновы могуць быць запатрабаваныя.

Падобна на тое, што Крэмль прыняў ідэю прэвентыўнага ядзернага ўдару па Захадзе. Разам з тым, яны цалкам дапускаюць, што будзе такі ж удар у адказ. І прыдумалі, як зрабіць першае, мінімізаваўшы пагрозу другога.

V. Квазітактычная ракета

З'яўленне г. зв. «Арэшніку» спачатку здзівіла. Навошта такая дарагая ў абслугоўванні і ўразлівая для ўдараў машына? Зразумела, што на вайне ў ход ідзе любая зброя. У тым ліку старыя танкі, гарматы. Дык навошта проста спісваць старыя ракеты «Ярс», калі можна зняць адну ступень і паменшыць іх дальнасць да 5500 кіламетраў?

Калі можна скарыстаць іх хоць для стральбы балванкамі Прычым, як гэта было відно нават з газетнага фотаздымка ўдару па «Южмашы», без усякага навядзення гэтых балванак — нібыта проста кінулі іх жменю, а раптам нейкая некуды ды трапіць.

Гэта як прывезці на фронт Цар-пушку. Дорага ды неэфектыўна.

Але насцярожыла, што той «Арэшнік» застаўся ў падпарадкаванні ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, дзе і быў ад пачатку.

Гэта значыць, засталіся і сістэмы захоўвання і дастаўкі ядзерных боегаловак, прымянення з дапамогай адмысловых кодаў (г. зв. «ядзернага чамаданчыка»), а значыць «Арэшнік» вельмі хутка можа быць пераўтвораны назад у балістычную ракету: толькі зняць боегалоўку з металічным балванкамі і вярнуць на месца старую боегалоўку «Ярса» крыху паменшанай дальнасці, што, фармальна, пераводзіць яго з разраду стратэгічных у тактычныя пры захаванні былога набору боепрыпасаў і страшэннай разбуральнай моцы: 3‑6 баявых блокаў агульнай магутнасцю да 500 кілатон.

Такім чынам Крэмль, стварыўшы гібрыдны, фармальна тактычны «Ярс», падрыхтаваў зброю для прэвентыўнага ядзернага ўдару па Еўропе, якая, на яго думку, не павінна выклікаць удзелу ЗША ва ўдары ў адказ. Але, мабыць, Масква не спадзяецца, што «ответки» атрымаецца пазбегнуць, ці то ад брытанскіх, ці то французскіх атамных падводных лодак.

Таму, каб пазбегнуць удару па сваёй тэрыторыі, вырашыла падставіць пад гэты ўдар іншую, фармальна яшчэ незалежную краіну.

VI. Навошта ядзерная зброя ў Беларусі

Рашэнне Крамля размясціць на нашай тэрыторыі расійскую ядзерную зброю ад пачатку здзіўляе. Звычайна яе размяшчаюць у гарантавана бяспечным месцы, а не ў непасрэднай блізкасці ад зоны баявых дзеянняў, дзе яна можа падпасці пад удар праціўніка, і на тэрыторыі іншай дзяржавы, народ якой не хоча яе, бо інтуітыўна людзі разумеюць — свая ядзерная зброя сапраўды абараняе краіну ад агрэсіі, а чужая робіць яе закладніцай іншай дзяржавы, якая можа мець зусім іншыя, невядомыя нам планы і інтарэсы.

Тым больш што Пуцін адразу ў катэгарычнай форме адмовіў любую форму кантролю беларускага боку над гэтай зброяй. Усе гэтыя заявы, што ў нас цяпер есть ядзерная зброя, што «будзем разам кнопку націскаць (карыстацца «ядзерным чамаданчыкам» Пуціна) — гэта альбо падман, альбо (што значна горай) самападман.

Спачатку заявілі пра размяшчэнне ядзерных авіабомбаў для самалётаў (у тым ліку беларускіх) Су-25. Потым — ракет сярэдняй дальнасці «Іскандэр», здольных несці ядзерны зарад. Цяпер размяшчаюць гібрыдны «Ярс» (ён жа «Арэшнік»). Таксама будуецца сховішча для ядзерных боегаловак.

Навошта на нашай зямлі? Каб быць бліжэй да імавернага праціўніка, у іх ёсць Калінінградская вобласць, дзе ядзерныя «Іскандэры» ўжо стаяць. Гібрыдны «Ярс» мае дальнасць у 5500 км, што ўдвая меней, чым у нескарочанага. Дык размясціце яго ў сябе — усё роўна даляціць да любога кутка Еўропы. Але чамусьці ставяць яго непадалёк ад Украіны.

Хоць большая частка таго «Ярса» — гэта проста труба, напоўненая порахам (цвёрдым ракетным палівам), таму нават FPV-дрон з кумулятыўнай гранатай здольны ўтварыць з «Ярса» «вялікі бара-бум». А вывозіць ядзерныя зарады са сховішчаў да пазіцый ракет, калі па дарозе могуць быць дыверсанты, засады, міны, увогуле ці не занадта рызыкоўна? Тым не менш, гэта ўсё робіцца насупраць логіцы і бяспецы.

Я знаходжу толькі адно тлумачэнне такой рызыкі — першы прэвентыўны удар РФ па Еўропе плануецца наносіць менавіта з нашай тэрыторыі. Што будзе адразу выяўлена тым бокам. А адзін тутэйшы палітык не вытрывае і сам пахваліцца сваёй ядзернай круцізной.

А далей заходнія лідары пачнуць абмяркоўваць варыянты адказу. Куды біць у адказ — па тэрыторыі РФ, якая мае 1400 стратэгічных боегаловак, ці прыняць больш бяспечны варыянт удару па тэрыторыі, з якой прыляцелі ракеты?

І ў іх будзе вялікая спакуса, на што разлічвае і Крэмль, выбраць апошні варыянт. У адпаведнасці з логікай: «беларусаў, безумоўна, шкада. Але не пачынаць жа сусветную ядзерную вайну. Ды яны ўжо і самі другі раз суагрэсары. А так і твар захаваем. Бо і адкажам, і не пачнём сусветнай вайны».

У Маскве ж будуць разважаць недзе так: «белорусов, конечно, жаль. Но они сами хотят быть суверенными. Пусть и огребают по полной суверенной программе. Зато наша территория останется целой».

Такім чынам, нашу краіну проста скарыстоўваюць у якасці прынады для удараў НАТА, каб засцерагчы ад іх Расію.

Удары НАТА, відавочна, будуць наносіцца тэрмаядзернымі боегалоўкамі 500 кілатон, і будуць скіраваныя супраць месцаў знаходжання ядзерных боепрыпасаў і іх носьбітаў. Напрыклад, па Асіповічах і Крычаве, таксама, магчыма, па тылах і камукацыях расійскіх груп уварвання ў Балтыю, што таксама на нашай тэрыторыі. Палова мегатоны — вельмі сур'ёзны зарад — ударная хваля, зона разбурэнняў і пажараў распаўсюдзяцца на сотні кіламетраў, амаль па ўсёй Беларусі паветра будзе забруджана радыёактыўным дымам ад пажараў.

Да прыкладу, магутнасць ядзернага зараду, узарванага амерыканцамі над Хірасімай, была 18 кілатон. Ад наступстваў выбуху тады за некалькі год памерла каля паўмільёна японцаў. Ці застанецца што ад Беларусі і беларусаў, калі мы атрымаем некалькі ўдараў па 500 кілатон?

Сёння гэтак званыя «простыя» беларусы гавораць: «Затое ў нас няма вайны». Як бы ім не прыйшлося потым зайдоросціць украінцам, бо на іх падаюць звычайныя, а не ядзерныя ракеты, ад якіх яшчэ можна схавацца.

Спыніць гэты вар'яцкі і смертаносны для нас план можам толькі мы самі. Незалежна ад поглядаў і спосабаў заробку. І гэта рэальна. Бо дзеці ёсць ва ўсіх і самы страшны лёс, які я не жадаю нікому — глядзець, як маленькі чалавечак пакутуе ад прамянёвай хваробы без магчымасці ўратаваць яго жыццё.

Праз пэўны час наведзеная тэрмаядзерным выбухамі радыяцыя спадзе. А ва ўмовах глабальнага пацяплення цэлыя рэгіёны планеты робяцца непрыдатнымі для жыцця. Таму пуставаць доўга наша зямля не будзе. Яе заселяць іншыя народы. І яе новыя насельнікі будуць са здзіўленнем і шкадаваннем глядзець на апошніх выміраючых абарыгенаў ды здзіўляцца, як яны здолелі страціць такую бласлаўлёную зямлю.

Спадзяванняў на гэтую дзяржаву ў мяне няма. Бо памятаю, як аднойчы прачытаў у афіцыйнай газеце адказ на пытанне заходняга журналіста, як здарылася, што Расія напала на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Адказ уразіў мяне сваёй шчырасцю: «У нас учения были. Российские войска заходили по одному маршруту, а выходить могли по разным. Почему российские генералы решили выводить их так (через Украину), я не знаю. Они мне не говорили».

Вось гэта «Они мне не говорили» — гэта не пра дыктатуру, не пра дэмакратыю. Гэта ўвогуле не пра дзяржаву. Нам прыйдзецца рабіць усё самім. Неабходныя рэсурсы для гэтага ёсць.

На завяршэнне

Не буду хаваць, мне ніякавата было прапаноўваць вам гэты тэкст. Асабліва тым, хто радаваўся майму вызваленню, хто віншаваў нас з Марынай і прапаноўваў сваю дапамогу.

Гэта было вельмі важна для нас.

Дзякуй вам, людзі!

А цяпер я малюю вам такія жудасныя перспектывы. Мне самому вельмі цяжка даўся гэты тэкст, які адабраў шмат маральных, эмацыйных і нават фізічных сіл, запасы якіх у мяне зараз і так не вельмі вялікія. Але калі ёсць нават толькі адзін шанец з дзесяці, што гэты жахлівы сцэнар для нас рэальны — то гэта ўжо каласальна шмат. Але, на мой погляд, а я шмат разважаў на гэту тэму, іх нашмат болей.

Таму лічу сваім абавязкам папярэдзіць вас пра яго. Я веру, што кожны чалавек мае сваё прызначэнне ў жыцці, ад якога нельга ўхіляцца. Магчыма, я пакінуты жывым і зараз на волі толькі таму, каб папярэдзіць вас. Таму што папярэджаны — значыць узброены, казалі некалі. Вы — папярэджаныя. Давайце думаць і рабіць разам, каб уратаваць Беларусь, сваіх блізкіх і свет.

Мы здолеем. Беларусь будзе жыць!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)