Турарбекава: «Вайна ва Украіне адчыніла скрыню Пандоры, з якой вылазяць усё больш вялікія і страшныя пачвары»

Гісторык, палітолаг Роза Турарбекава разважае пра санкцыі Кіева супраць правіцеля Беларусі, страчаныя Мінскам перамоўныя магчымасці і трэнд на мілітарызацыю Еўропы.

Афіцыйны Кіеў увёў персанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі. Чаму толькі цяпер і што мае на мэце ўказ Уладзіміра Зяленскага, які падкрэслівае больш жорсткую лінію Украіны датычна Мінска? На думку палітолага Розы Турарбекавай, перадусім Кіеў хвалюе пытанне бяспекі.

— Дзеля бяспекі на мяжы, як я разумею, яны не хочуць мець гарантый з боку гэтага рэжыму, — разважае Турарбекава ў эфіры Еўрарадыё. — А хочуць, мабыць, мець нейкі комплексны падыход да гэтага.

Роза Турарбекава

Цяпер наогул усё так хутка стала мяняцца (маю на ўвазе не толькі стасункі паміж Украінай і Беларуссю, але таксама амерыканскі трэк, потым перамовы Украіны і Расіі пры амерыканскім пасярэдніцтве). Таму што гібрыдныя пагрозы ўсходняму флангу НАТА разглядаюцца зараз вельмі сур’ёзна.

І таму ЕС разглядае магчымасць прыняцця новага пакету санкцый адносна Беларусі ў сувязі з гэтымі пагрозамі. Як мы бачылі, у Вільні зноў зачынялі аэрапорт <з-за кантрабандных метэазондаў>. І ўсё гэта складаецца ў агульную карціну. Такі не вельмі добры малюнак.

Цяпер інтэнсіфікаваўся перамоўны працэс. І калі гэта адбываецца — тады пачынаецца рух, у каго якія карты.

Наколькі я зразумела, Кіеў пераканаўся ў тым, што Лукашэнка ўсё-ткі несамастойны ў прыняцці рашэнняў. Што з ім складана мець справу. Ва ўмовах, калі амерыканская адміністрацыя захопленая гэткімі піяраўскімі хадамі, чым сапраўднай дыпламатыяй — гэта бяспечна для Кіева.

Цяпер Кіеў спрабуе паўплываць на Еўропу, з тым, каб яна не паддалася, не стала на той жа шлях, што і ЗША. Маю на ўвазе, перамовы з Расіяй. Бо прынамсі Францыя, Італія разглядаюць гэтае пытанне, і гэта актыўна абмяркоўваецца ў Еўропе. Да прыкладу, канцлер Германіі Мерц вымушаны рэагаваць і таксама адказваць на гэтае пытанне.

Для Украіны, для Зяленскага ўкрай важна, каб Еўропа ўмацавалася ў жорсткай пазіцыі датычна Масквы. Каб перамоўны кантэкст захоўваўся такім, які ён ёсць цяпер.

А Беларусь і Лукашэнка тут ідуць паравозам. Таму Зяленскі дэманструе еўрапейцам узмацненне жорсткасці Кіева адносна Лукашэнкі. Тым больш, нагодаў для гэтага мноства, два вазы і цэбар: тактычная ядзерная зброя, размяшчэнне ў Беларусі «Арэшніка», і ўжо зусім не эфемерныя пагрозы і атакі расійскіх БПЛА з выкарыстаннем беларускай інфраструктуры. І самае галоўнае, што Лукашэнка выступае цяпер у якасці дрэннага хлопца да ўсходняга флангу НАТА.

З майго гледзішча, перамоўныя пазіцыі Лукашэнкі на сёння рэзка аслабленыя. Прычым літаральна за апошнія 10-14 дзён.

Па-першае, ён не змог скарыстацца магчымасцю паехаць на сустрэчу Рады міру — і цалкам відавочна, што гаворка пра ягоную кіраванасць з боку Масквы і з боку Пекіна.

Па-другое, змянілася і стала больш жорсткай стратэгія Кіева — і натуральна, што краіны-суседкі Беларусі таксама будуць займаць значна больш жорсткую пазіцыю.

Гэта бачна па сек’юрытызацыі на іх межах (краіны Балтыі выйшлі з канвенцыі па супрацьпяхотных мінах, 20 лютага з яе выходзіць Польшча; гэта азначае, што мяжа будзе мініравацца). І ў такіх умовах — дыялог, неяйкія перамовы?

Не паспяваюць з гэтымі ідэямі іх прыхільнікі. Сітуацыя ў сферы бяспекі настолькі пагоршылася за апошнія паўгода, плюс сітуацыя з метэазондамі, палёты БПЛА ў Польшчу і часткова ў Літву, нарастанне гібрыдных пагроз. І ўмацаванне польскіх і літоўскіх межаў у адказ.

Гэта трэнд. Ён не тактычнага, а стратэгічнага характару. Адбылася вельмі хуткая эвалюцыя ў поглядах еўрапейцаў у сферы бяспекі. Еўропа для сябе вырашыла, што яна мусіць узбройвацца і спадзявацца на саму сябе.

Еўропа і свет літаральна адказваюць на разбурэнне міжнароднага парадку з боку адміністрацыі ЗША — і мы знаходзімся літаральна ў ім.

Вайна ва Украіне адчыніла скрыню Пандоры, з якой вылазяць усё больш вялікія і страшныя пачвары. У тым ліку мілітарызацыя Еўропы. І адмотваць гэта назад давядзецца вельмі доўга.

Лукашэнка ва ўсёй гэтай гісторыі ўнёс сваю лепту, калі мяняў сваю ўладу на нацыянальны суверэнітэт і прадаставіў тэрыторыю Беларусі для паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. І цяпер — ёсць час раскідваць камяні, а ёсць час збіраць. Цяпер ён іх збірае. І пачакайце, яшчэ ўсё наперадзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(26)