Общество

Варшаўская пракуратура расследуе смерць Мікіты Мелказёрава

Як стала вядома Белсату, пракуратура пачала расследаванне смерці журналіста Мікіты Мелказёрава паводле артыкулу аб ненаўмысным забойстве. Такі артыкул ужываюць заўсёды, калі прычыну смерці яшчэ не выявілі.

Вядоўца праграмы «Мова нанова» Мікіта Мелказёраў падчас запісу праграмы. Варшава, Польшча. 27 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

Журналіст Мікіта Мелказёраў памёр у ноч на 21 снежня ўдома ў Варшаве.

Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры польскай сталіцы Пётр Антоні Скіба паведаміў «Белсату», што 22 снежня пачалося расследаванне справы аб ненаўмысным забойстве:

– Гэта традыцыйная фармулёўка, якая даецца ў сітуацыях, калі прычына смерці невядомая. Будзе праведзенае анатамаванне – мы не ведаем, калі дакладна, магчыма, гэта будзе яшчэ да Калядаў. Не выключаю, што паспеюць да Новага года.

Спікер пракуратуры адзначыў, што праваахоўныя органы будуць абнародаваць толькі тыя звесткі ў гэтай справе, якія адпавядаюць інтарэсам сям'і нябожчыка:

– Цела ў цяперашні момант застаецца ва Установе судовай медыцыны Варшаўскага медычнага ўніверсітэту, і гэты аб’ект будзе выконваць ускрыццё. З увагі на зацікаўленасць медыяў мы будзем імкнуцца абнародаваць звесткі, якія не супярэчаць інтарэсам сям'і загінулага.

Далейшыя працэсуальныя дзеянні залежаць ад вынікаў судова-медычнай экспертызы. Усё залежыць ад таго, што стане вядома пасля ўскрыцця.

Звычайна анатамаванне праводзіцца цягам двух тыдняў.

– Магчыма, вынікі з’явяцца раней. Мы ўжо тэлефанавалі ў судмедэкспертызу з просьбай, каб зрабілі ўсё як мага хутчэй, – сказаў Скіба.

Ён таксама паведаміў, што пакуль у сувязі са смерцю была апытаная толькі ўдава Мікіты і што галоўная версія следства цяпер – негвалтоўная смерць:

– На гэтым этапе мы бярэм пад увагу, што смерць магла адбыцца з натуральных прычынаў, але ўсё гэта праверым шляхам паслядоўнага збору доказавага матэрыялу.

Мікіту Мелказёраву было 37 гадоў. Ён аўтар і суаўтар праектаў «Жыццё-маліна», «Загляне сонца» і падкасту «Нешта будзе», сувядоўца праграмы «Мова нанова» на «Белсаце».

Паводле крыніцаў Reform.news, Мікіту стала блага ўвечары 20 снежня. Ён адляжаўся, адчуў сябе лепш праз некаторы час. Затым устаў і знянацку знепрытомнеў. Як неафіцыйна паведамляецца, нешта здарылася з сэрцам.