Война

Як вайна ва Украіне паўплывала на сабак. Усяго за некалькі гадоў яны пачалі нагадваць сваіх дзікіх родзічаў

Новыя навуковыя даныя пра змены, якія адбываюцца з хатнімі гадаванцамі, што апынуліся паблізу лініі фронту без гаспадароў.

Фота: Artem Gvozdkov / Global Images Ukraine via Getty Images

Поўнамаштабная вайна прынесла разбурэнні не толькі гарадам і чалавечым лёсам — яна радыкальна змяніла і жыццё жывёл, піша The New York Times (пераклад — Наша Ніва).

Толькі частка ўладальнікаў змагла забраць сваіх гадаванцаў з сабой. У выніку сабакі, яшчэ ўчора хатнія і цалкам залежныя ад чалавека, масава станавіліся бадзяжнымі, вымушанымі выжываць у асяроддзі пастаяннай небяспекі, голаду і выбухаў.

Каманда навукоўцаў з Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта і Гданьскага ўніверсітэта задалася пытаннем: што адбываецца з сабакамі, калі вайна рэзка абрывае іх сувязь з чалавекам?

Даследчыкі сабралі даныя пра 763 сабакі з дзевяці рэгіёнаў Украіны. Інфармацыя паступала з прытулкаў, а таксама ад ветэрынараў і валанцёраў, якія назіралі за жывёламі як у адносна бяспечных раёнах, так і паблізу лініі фронту.

Асабліва складанай была праца непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў. Яе каардынаваў заолаг Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франко Ігар Дзікі. З 2022 года на працягу двух гадоў ён служыў добраахвотнікам у складзе Узброеных сіл Украіны — спачатку каля Лімана ў Данецкай вобласці, а потым пад Харкавам.

«Многія бяздомныя сабакі жылі з намі ў вёсцы Зарэчнае. Яны былі напалоханыя, некаторыя пакутавалі ад кантузій. У аднаго маленькага сабакі была зламаная лапа, якая няправільна зраслася, з-за чаго ён назаўжды застаўся кульгавым. Іншы быў сляпы на адно вока, страціўшы яго падчас выбуху», — успамінае доктар Дзікі. Ён дадае, што саслужыўцы кармілі іх усіх, давалі прытулак і па магчымасці аказвалі медыцынскую дапамогу.

Большасць высноў даследавання, апублікаванага ў часопісе Evolutionary Applications, сведчаць: сабакі на лініі фронту за надзвычай кароткі час сталі больш падобнымі да дзікіх відаў — ваўкоў, каётаў ці сабак дынга.

Прыкладаў такой трансфармацыі мноства: у франтавых сабак рэдка сустракаюцца пысы альбо занадта кароткія (як у французскага бульдога), альбо падоўжаныя (як у таксы). Многія страцілі лішнюю масу цела. Нават іх вушы змяніліся: стаячыя сустракаюцца значна часцей, чым вісячыя.

Як тлумачаць аўтары, вайна дзейнічае як магутны фільтр, аддаючы перавагу рысам, якія паляпшаюць выжыванне. На перадавой часцей выжываюць сабакі з прыкметамі «дзікага» фенотыпу: прамымі вушамі, прамым хвастом і меншай колькасцю белага колеру ў афарбоўцы.

У зонах канфлікту выявіліся і іншыя характэрныя рысы: стала менш старых, хворых і параненых жывёл. Пры гэтым сабакі пачалі часцей трымацца зграямі.

Што найбольш здзівіла навукоўцаў, дык гэта хуткасць змен: адрозненні паміж франтавымі сабакамі і астатнімі папуляцыямі сталі відавочнымі ўжо праз два гады пасля пачатку вялікай вайны.

Бадзяжны сабака ў Канстанцінаўцы, Данецкая вобласць. 1 лістапада 2025 года. Фота: Yan Dobronosov / Global Images Ukraine via Getty Images

Пры гэтым даследчыкі падкрэсліваюць: гаворка не ідзе пра паскораную эвалюцыю ў генетычным сэнсе. Змены адбываюцца занадта хутка, каб іх можна было патлумачыць мутацыямі і натуральным адборам на малекулярным узроўні. Фактычна вайна стварае ўмовы, у якіх выжываюць асобіны з пэўным наборам рыс. Напрыклад, маленькі сабака мае менш шанцаў падарвацца на міне, яму прасцей схавацца ў вузкай прасторы, і ён з’яўляецца меншай мішэнню для асколкаў.

Нягледзячы на «дзікія» рысы, большасць сабак усё яшчэ залежаць ад людзей у пошуках ежы, дапаўняючы рацыён раслінамі ці паляваннем. Часам яны выжывалі, сілкуючыся целамі загінулых. Многіх прыручылі ўкраінскія вайскоўцы.

Аднак навукоўцы зафіксавалі і з’яўленне асобін, якія цалкам перасталі залежаць ад чалавека. Такую з’яву біёлагі называюць фералізацыяй — вяртаннем да самастойнага існавання.

Даследаванне сабак стала толькі адным з прыкладаў таго, як вайна трансфармуе навакольнае асяроддзе. Жахі вайны, што так моцна ўплываюць на сабак, з’яўляюцца трывожным сігналам для іншых відаў жывёл, якія менш мабільныя і больш патрабавальныя да рацыёну і асяроддзя.

Войны — гэта не толькі трагедыі для людзей. Гэта маштабныя экалагічныя катастрофы, наступствы якіх будуць адчувацца яшчэ доўгія гады пасля таго, як сціхнуць стрэлы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)