«Памятайце пра небяспеку паездак у Беларусь, асабліва калі вы мелі досвед рэпрэсій»

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка падзякавалі літоўскім дэпутатам, якія прагаласавалі супраць абмежаванняў на паездкі ў Беларусь.

Ціханоўская: «Не рызыкуйце сваёй свабодай»

— Толькі што ў Сейме Літвы завяршылася канчатковае галасаванне па папраўках да праекта закона, які рэгулюе прававое становішча беларусаў у краіне, — напісала Святлана Ціханоўская. — Папраўкі, якія ў тым ліку ўключалі абмежаванне выезду ў Беларусь, не прайшлі, бо не былі падтрыманыя дастатковай колькасцю дэпутатаў.

Паводле слоў палітыка, за апошнія тыдні была зробленая вялікая праца — дзясяткі сустрэчаў, размоваў і дыскусій — каб дабіцца большасці галасоў супраць паправак.

— Разам з літоўскімі партнёрамі і сябрамі мы знайшлі кампраміс — і пры гэтым адстаялі інтарэсы беларусаў, — адзначыла лідар дэмсіл. — Я хачу падзякаваць усім дэпутатам, якія разумеюць, што Беларусь — гэта не Лукашэнка, а беларусы — не расіяне. Дзякуй усім, хто падтрымлівае еўрапейскі выбар беларусаў.

— Дарагія мае, у гэты ж час, калі ласка, памятайце пра небяспеку паездак у Беларусь, асабліва калі вы мелі досвед рэпрэсій. Не рызыкуйце сваёй свабодай. Калі вы — уладальнік гуманітарнага ВНЖ, калі ласка, устрымайцеся ад паездак у Беларусь. Гэта можа прывесці да анулявання вашых літоўскіх дакументаў, — папярэдзіла Святлана Ціханоўская.

Латушка: «Сённяшняе рашэнне літоўскіх парламентарыяў дэманструе, што Літва на баку беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду»

Павел Латушка пракаментаваў рашэнне літоўскага Сейма не абмяжоўваць паездкі на радзіму для беларусаў:

— Беларусы не рэжым. Беларусы — гэта нацыя, якая выступае за тое, каб жыць у свабоднай, дэмакратычнай, вялікай Еўропе. Адкрытасць Літвы для беларусаў, падтрымка беларусаў Літвой мае важнае значэнне. Гэта краіна-суседка, якая ўсе гэтыя гады праяўляе салідарнасць з беларускім грамадствам.

Важна таксама, што інстытуты дэмакратычных сіл праз супрацоўніцтва з партнёрамі дэманструюць сваю эфектыўнасць і здольнасць дасягаць станоўчых вынікаў у інтарэсах беларускага грамадства.

Гэтае рашэнне захоўвае важную магчымасць беларусаў свабодна перамяшчацца і камунікаваць з Еўропай.

Мы ўдзячныя літоўскім дэпутатам за іх прынцыповую пазіцыю. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка і ягоныя спецслужбы робяць актыўныя дзеянні для таго, каб супрацьпаставіць беларускае і літоўскае грамадствы, сённяшняе рашэнне літоўскіх парламентарыяў дэманструе, што Літва на баку беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(9)