Мелказёраў: «Думаю, што магу назваць сябе ў дадзены момант свайго жыцця шчаслівым чалавекам»

Вядомы блогер — пра эміграцыю і любімую справу. А таксама пра рэфлексіі і мэту.

— Я беларус, які нарадзіўся ў Расіі, — расказаў Мікіта Мелказёраў на ByDoc. — Так атрымалася, што мой бацька з Хабараўска сустрэўся з маёй маці з Палесся. Мне ўсе казалі: «беларус-беларус», а я адказваў: «Нет, я русский».

Для мяне гэта, напэўна, гадоў да 26 было цалкам нармалёва, я не думаў пра нейкую беларускую мову, не думаў пра нейкую рэалізацыю праз беларусчыну.

Цяпер думаю. У мяне ёсць моцны пасыл, мне не спадабалася тое, што адбылося ў 2020 годзе. Зразумела, што цяпер у мяне ёсць нейкая кампенсацыя, якую я выражаю ў сваёй творчасці і хачу аўдыторыі данесці гэтыя каштоўнасці.

Калі я пачаў размаўляць па-беларуску, у мяне нейкі ўнутраны дыялог з самім сабой стаў больш выразны.

Блогер расказаў, чаму вырашыў займацца асабістым праектам:

— Напэўна, пакуль я працаваў на буйное класнае медыя, але ў якім усё ж такі дамінаваў свой персанальны брэнд, мне чагосьці не хапала. Я разумеў, што не развіваюся ў любімым жанры.

Я стаў узнаўляць вялікія інтэрв'ю. Калі быць шчырым, то мне глабальна заўсёды гэтага хацелася.

Ты павінен рабіць праект, які б ты сам глядзеў. У гэтым, мне падаецца, асноўная шчырасць. На дадзены момант, я вельмі шчаслівы, што магу працаваць як блогер, рабіць тое, што мне адчуваецца, і так, як я хачу.

Я блогер, які карыстаецца інструментамі журналістыкі.

Я магу займацца той справай, якая мне падабаецца, больш за тое, я кайфую ад таго, што раблю. Думаю, што магу назваць сябе ў дадзены момант свайго жыцця шчаслівым чалавекам, — прызнаўся Мелказёраў.

Таксама ён расказаў, што ніколі не збіраўся з’язджаць з Беларусі.

— Ніколі не будзе таго, што было ў траваядным 2019 годзе. Суровая праўда жыцця — гэта пра тое, што не трэба прагнуць вярнуцца туды. Павінна быць нейкая рэфлексія, нейкая адаптацыя да сённяшняга часу.

У выніку ў мяне ўсё лепей, чым у Беларусі. Але я ніколі ў той мірнай сітуацыі не адважыўся бы на пераезд. І вось ў выніку ўсё стала лепей. Але гэта не адмяняе таго факта, што я не хацеў з’язджаць.

Тое, што мы тут уладкаваліся — гэта часткова пра тое, што эміграцыя — вельмі выкшталцоная пытка ў выкананні рэжыма.

Мне бы вельмі хацелася рабіць інтэрв’ю ў стыле ранняга Дудзя, але я проста лічу няправільным зараз не размаўляць пра палітыку, таму што ёсць палітзняволеныя, таму што да гэтага часу адбываецца несправядлівасць.

Глабальная мэта прафесіі і мэта жыцця — дажыць да часу, калі можна будзе на працы не размаўляць пра палітыку, — заключыў блогер.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)