История

Андрэй Карась

Ад Рагвалода да прызнання незалежнасці. 4 цікавых факта пра ўплыў Скандынавіі на Беларусь

Краіны Скандынаўскага паўвострава (Швецыя, Нарвегія і Данія) ў гістарычным вымярэнні могуць лічыцца адначасова далёкімі і блізкімі для Беларусі. Як Скандынавія ўплывала на нашую краіну ў мінулым? «Салідарнасць» пералічвае чатыры цікавых факта.

Вікінгі ў Полацку

Полацк лічыцца калыскай беларуская дзяржаўнасці. Першыя згадкі пра старажытны горад звязаныя з варагамі — так называлі вікінгаў у Візантыйскай Імперыі і пазней на Русі. Праз Полацк праходзіў адзін з шляхоў «з вараг у грэкі», які злучаў Балтыку з Візантыяй.

Паводле летапіса «Аповесць мінулых гадоў», каля 980 года ў Полацку пачаў княжыць Рагвалод, які прыйшоў з-за мора. У той перыяд Полацк разам з Кіевам і Ноўгарадам быў адным з цэнтраў старажытнай Русі. Дзяржаўны і юрыдычны лад Полацкага княства быў пераняты з Скандынавіі.

Шведская карта з землямі ВКЛ

У 1626 годзе «бацька шведскай картаграфіі» Андрэас Бурэ выдаў карту паўночных зямель, над якой працаваў больш за 20 год. Трапіла туды не толькі Скандынавія, але землі Вялікага Княства Літоўскага, а значыць, і Беларусі.

На карце можна знайсці беларускія назвы Vilna, Slonim, Creva, Kaidonaw, Radoskoviki («Радошковічы»). Гэта была адна з найлепшых карт свайго часу, адкуль многія ў Еўропе даведаліся пра беларускія месцы.

Шведы ў беларускім фальклоры

Падчас Паўночнай вайны беларускія землі сталі арэнай барацьбы паміж Швецыяй і Расіяй. Шведскае войска тройчы праходзіла праз Беларусь: у 1702-1703, 1706 і 1708 гадах. Кароль Карл XII быў са сваім войскам у Гродна, Пінску, Смаргоні, Мінску, Магілёве і іншых гарадах.

З тых часоў шведы сталі важнай часткай беларускага фальклору і культурнай памяці, піша ў сваёй кнізе «Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў» гісторык Андрэй Катлярчук. Гэта і легенды пра шведаў-чараўнікоў, і «шведскія» назвы мясцін – вёсак, курганоў (напрыклад, вёска Шведы), і прыказкі пра шведаў: «Босы як швед», «Стуль маскалі, а ссюль швяды, дзе пазбыцца з такой бяды».

Швецыя адной з першых прызнала незалежнасць Беларусі

Адбылося гэта 14 студзеня 1992 года. Мяркуючы па ўсім, Швецыя стала шостай па ліку краінай, якая прызнала незалежнасць нашай краіны.Так сімвалічна замкнулася гістарычная дуга сувязяў паміж Скандынавіяй і Беларуссю: ад вікінгаў да сучаснай дыпламатыі.

Пра тое, якім быў уплыў дзяржаў Скандынаўскага паўвострава на нашу краіну ўжо ў сучаснай гісторыі, мы раскажам у наступных тэкстах. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)