Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве
У СІЗА КДБ трапіў 51‑гадовы Руслан Расаеў, які звольніўся з органаў у 2020 годзе. Ён расказваў суседзям па камеры, што некалі гуляў у КВЗ і быў знаёмы з Зяленскім, піша Наша Ніва.
Па інфармацыі Belpol, Руслан Расаеў служыў у в/ч 64171 (упраўленне вайсковай контрразведкі Камітэта дзяржаўнай бяспекі) з 2006 года.

Расаеў нарадзіўся ў былым вайсковым пасёлку Ветрына (Полацкі раён Віцебскай вобласці). Скончыў Сувораўскую вайсковую вучэльню, а пазней і Вайсковую акадэмію.
З моманту звальнення з контрразведкі ў 2020‑м Расаеў актыўна пачаў весці сацсеткі, дзе дзяліўся шматлікімі здымкамі з вандровак: Мальдывы, Балі, Турцыя, Швецыя, Азербайджан.
На некаторых фота побач з ім можна заўважыць Вадзіма Галыгіна. Чалавек, які перасекся з Расаевым у камеры СІЗА КДБ, расказаў «Нашай Ніве», што той распавядаў, як нейкі час граў у беларускім Клубе вясёлых і знаходлівых — магчыма, гэтым і тлумачыцца яго знаёмства з Галыгіным. Таксама Расаеў сцвярджаў, што «ведае Зяленскага».
Па апошняй інфармацыі, Расаеў у разводзе. У яго ёсць дарослы сын.
Невядома, у чым канкрэтна абвінавачваюць Расаева — на карысць якой дзяржаве ён нібыта здраджваў Беларусі. Невядома, ці ёсць у яго гісторыі палітычны складнік. Аднак у цяперашніх абставінах практыкуецца прыцягненне па гэтым артыкуле былых чыноўнікаў і сілавікоў, якія звольніліся пасля падзей 2020 года.
Па артыкуле аб здрадзе дзяржаве можа пагражаць ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі, а ў некаторых выпадках і смяротнае пакаранне.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное