Филин

Юлія Кот

Даследчыкі: «Сітуацыя вярнулася амаль да ўзроўню 90-х, калі каля паловы беларусаў лічылі дабрабыт людзей задачай дзяржавы»

Беларусы разумеюць неабходнасць рэформаў і ўжо не вераць у «сацыяльную дзяржаву», але трывожацца адносна росту цэн і падаткаў. Што вынікае са свежых эканамічных даследаванняў BEROC і Chatham House.

Даследчы цэнтр BEROC днямі прадставіў вынікі аналізу, як змяніліся эканамічныя паводзіны і чаканні беларусаў пасля 2020 года. Амаль адначасова Chatham House апублікаваў вынікі сацыялагічнага анлайн-апытання адносна зменаў сацыяльнага кантракту ў Беларусі.

Шмат у чым гэтыя звесткі перакрыжоўваюцца, а дзе-нідзе і разыходзяцца. Филин параўнаў абодва даследаванні і расказвае, ці беларусы вераць у «сацыяльную дзяржаву і ці хочуць перамен — прынамсі, эканамічных.

Прыцягнення больш няма

Chatham House апытаў анлайн 837 рэспандэнтаў з ліку гарадскіх жыхароў Беларусі ў лютым 2024 года. З-за метаду і асаблівасцяў выбаркі на практыцы падтрымка Лукашэнкі можа быць крыху большай, чым гэта адлюстравана ў апытанні, акрамя таго, даследчыкі нагадваюць пра ўплыў фактару страху.

Тым не менш, зазначаюць аўтары даследавання, у параўнанні з аналагічным апытаннем, якое было зладжана 15 год таму праз тэлефанаванні, змены ў грамадскіх настроях адбыліся істотныя.

Мабыць, самая галоўная з іх — у тым, што беларусы 2024-га года, у адрозненне ад 2009-га, больш не разлічваюць на «сацыяльную дзяржаву», якая будзе клапаціцца пра дабрабыт людзей і праводзіць патэрналісцкую палітыку.

З адваротнага боку, заўважым, і дзяржава здымае з сябе ўсё больш сацыяльных абавязкаў — успомнім кроки па змяншэнні падатковых льгот, скарачэнні і без таго смешнай дапамогі па беспрацоўі, змяншэнне сацабслугоўвання і г.д. Такім чынам, стары сацыяльны кантракт дзяржавы і грамадства сёння фактычна скасаваны.

Беларусы часцей чакаюць, што ўлады створаць умовы, у якіх людзі змогуць самі забяспечваць уласны дабрабыт — то бок, калі не дапамагаюць, то хай і не замінаюць. Аднак гэтыя чаканні не знаходзяць водгуку, што ёсць дадатковым фактарам канфлікту паміж уладамі і грамадствам.

Ва ўнутранай палітыцы людзі менш схільныя згаджацца на «мір і стабільнасць», але пры гэтым ахвяраваць дэмакратычнымі правамі і свабодамі.

Зрэшты, асобныя пункты жыцця краіны, якія мусіць і працягвае забяспечваць менавіта дзяржава, рэспандэнты усё ж прызнаюць. Так, дзяржава ва ўспрыманні людзей усё яшчэ дае бяспеку — як у сэнсе барацьбы з крыміналам, так і ў тым плане, што Беларусь дагэтуль не стала непасрэднай удзельніцай вайны ва Украіне.

Таксама беларусы згадваюць пра рэшткі сацыяльнай падтрымкі — адносна бясплатную і даступную медыцыну і адукацыю, і лічаць больш мэтазгодным павелічэнне выдаткаў менавіта на сацыяльную сферу, а не на армію ці сілавыя структуры.

Амаль палова апытаных выступае за рэформы, перадусім у эканоміцы, аднак далёка не ўсе лічаць іх задачай змяншэнне ролі дзяржавы.

«Нельга сказаць, што прарынкавыя погляды сёння пераважаюць, — зазначаюць аўтары даследавання. —  Беларусы часцей падтрымліваюць дзяржаўную, а не прыватную ўласнасць на буйныя прадпрыемствы і аб’екты інфраструктуры, таксама пазітыўна ставяцца да адміністрацыйнага рэгулявання цэнаў».

Пры гэтым па многіх пытаннях людзі з нявызначанымі поглядамі складаюць значную долю ці нават большасць.

А вось што ў грамадстве застаецца амаль нязменным — гэта антываенны кансенсус і стаўленне да незалежнасці. У 2024-м гэта нават больш важна, чым пятнаццаць год таму: тры чвэрці апытаных лічаць, што Беларусь мусіць быць незалежнай дзяржавай.

У чаканні рэформаў

Даследчы цэнтр BEROC зладзіў сваё анлайн-апытанне пры падтрымцы Фонда Фрыдрыха Эберта ўвосень 2023 года, і тэма яго больш вузкая — якія эканамічныя рэформы беларусы лічаць неабходнымі, як ацэньваюць стан айчыннай эканомікі цяпер і ў перспектыве. На пытанні даследчыкаў адказалі 1004 жыхары беларускіх гарадоў.

Раней, згадвае акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі, Беларусь уваходзіла ў топ-3 краін Еўропы па падтрымцы праліберальных, рыначных рэформаў.

Ці змянілася сітуацыя за апошнія пяць гадоў: пасля падзей 2020-га, пандэміі каранавірусу, вялікай эміграцыі і пачатку вайны ва Украіне? Па вялікім рахунку — не, рынкавыя каштоўнасці не змяніліся, гавораць аналітыкі.

Так, большасць беларусаў як лічыла раней, так і цяпер прытрымліваюцца думкі, што канкурэнцыя — гэта добра для эканомікі, што дзяржава мусіць больш клапаціцца пра дабрабыт сваіх грамадзян, але перадусім поспех залежыць ад упартай працы самога чалавека.

— Аднак стаўленне да асабістай і дзяржаўнай адказнасці істотна змянілася, — зазначае навуковая супрацоўніца BEROC Віялета Панасевіч, — сітуацыя вярнулася амаль да ўзроўню 90-х, калі амаль палова беларусаў лічылі дабрабыт людзей задачай дзяржавы.

Аналітыкі бачаць некалькі верагодных тлумачэнняў гэтаму феномену росту патэрналізму. Сярод найбольш відавочных — тое, што змянілася ўспрыняцце самой фармулёўкі пытання, і пасля 2020 года людзі чакаюць не дзяржпадтрымкі, а адсутнасці перашкод з боку ўладаў. Аднак нельна выключаць і статыстычныя хібы анлайн-апытання, якое не прадугледжвае магчымасці ўдакладніць адказ.

Тры чвэрці рэспандэнтаў, расказалі аўтары даследавання, падтрымліваюць правядзенне эканамічных рэформаў, а выбар сфер, дзе перамены найбольш неабходныя, сведчыць аб рынкавым падыходзе: роўныя ўмовы для дзяржаўнага і прыватнага бізнесу, змяншэнне падатковай нагрузкі на прыватныя прадпрыемствы, прыватызацыя прадпрыемстваў, развіццё рынку каштоўных папер.

Пры гэтым, зазначаюць даследчыкі, беларусы разумеюць і негатыўны бок рэфармавання, і перадусім баяцца росту цэн, пагаршэння ўласнага матэрыяльнага стану і падвышэння падаткаў.

Магчыма, таму дзяржрэгуляванне цэн знайшло ў значнай часткі (амаль паловы) беларусаў падтрымку — больш за тое, трэцяя частка апытанных бачыць барацьбу з ростам цэн у топ-3 задач на бліжэйшыя дзесяцць год.

Мяркуючы па выніках апытання, наогул эканамічныя пытанні хвалююць грамадзян Беларусі значна больш, чым іншыя сферы: стабільнасць і рост эканомікі адзначылі сярод самых важных мэтаў 2/3 рэспандэнтаў, у той час як больш гуманнае грамадства, барацьба са злачыннасцю, абарона свабоды слова набралі менш 15%.

Цікавай часткай даследавання стала эксперыментальная: даследчыкі прапаноўвалі тром групам людзей выказаць стаўленне да пэўных рэформаў — саміх па сабе альбо з улікам прыведзеных прыкладаў, як негатыўнага, так і пазітыўнага досведу. У некаторых выпадках, зазначае эканаміст Леў Львоўскі, такі стэйтмент паўплываў на меркаванне беларусаў, у іншых — людзі засталіся вернымі сваім поглядам.

У прыватнасці, пенсійная рэформа і ўвядзенне накапляльнай кампаненты выклікаюць сімпатыі у больш як паловы апытаных, і дадатковыя ўводныя ніяк не паўплывалі на гэту ацэнку.

А вось з неабходнасцю прыватызацыі пагадзілася ўсяго трэцяя частка апытаных. І хоць пазітыўны прыклад з нядаўняй гісторыі Чэхіі і Польшчы павялічыў лік галасоў «за» на 18%, апрыёры стаўленне да прыватызацыі ў беларусаў, мяркуюць аналітыкі, хутчэй негатыўнае.

— Пазітыўная ці негатыўная падача сутнасці рэформаў — той фактар, які ў пэўнай ступені дазволіць рэфарматарам набраць больш галасоў. А разуменне страхаў ці пераваг насельніцтва, а таксама яго апрыёрнага стаўлення да праблемы важнае для стварэння асцярожнага пазітыўнага настрою на перамены, — канстатуе Леў Львоўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(9)