Навумчык: «Цяперашні рэжым мае адрозьненьне ад нацысцкага: пры нацысцкай акупацыі не перасьледавалі за мову тытульнай нацыі»

Палітычны аглядальнік — пра тое, як мова стала першым маркерам для перасьледу.

— Пішуць, што асудзілі за «экстрэмізм» беларускамоўнага адмыслоўца ў галіне радыяцыйнай мэдыцыны і пералічваць, што рэжым лічыць экстрэмізмам — ад падпісак на «забароненыя» СМІ і крытыкі ўлады да выкарыстаньня «Пагоні», Бел-Чырвона-Белага Сьцяга ды падтрымкі Ўкраіны, — піша Сяргей Навумчык.

Насамрэч, ключавы аргумэнт тут — беларускамоўнасьць.

Сяргей Навумчык

Мы ўсё яшчэ не можам усьвядоміць, што Беларусь — акупаваная Расеяй краіна. Мы са школы памятаем прыкметы акупацыі, і ня бачым таго, што вылучалася па сваёй антычалавечнасьці на першае месца — масавых расстрэлы.

Масавых расстрэлаў сапраўды няма, хаця ў 2020-м былі забойствы ў часе масавых пратэстаў і не спыняюцца забойствы ў турмах (нагадаю забойствы мастака Алеся Пушкіна і актывіста Вітольда Ашурка, які, калі нехта ня ведаў, быў сябрам Сойму партыі БНФ).

Але цяперашні акупацыйны рэжым мае адрозьненьне ад нацысцкага 1941-44: пры нацысцкай акупацыі не перасьледавалі за мову тытульнай нацыі. Не спыняўся Халакост, былі расстрэлы партызанаў і падпольшчыкаў, палілі вёскі — але за адну толькі беларускую мову людзей не каралі. З гэтым, мяркую, ня будуць спрачацца нават афіцыйныя гісторыкі.

Прамаскоўскі акупацыйны рэжым Лукашэнкі за беларускую мову перасьледуе (пакуль яшчэ ня ўсіх), і менавіта беларуская мова з’яўляецца першым маркерам для перасьледу.

Шмат гадоў таму я запытаўся аднаго чалавека: што было б зь нейкім чыноўнікам, калі б ён на нарадзе ў Лукашэнкі раптам загаварыў па-беларуску? «Арышт, адназначна» — быў адказ. Пачуў і тлумачэньне: канешне, арыштавалі б не адразу, і фармальна не за беларускую мову, але знайшлі б за што і арыштавалі б абавязкова.

Маім суразмоўцам быў чалавек, які ведаў, пра што казаў — былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір.

Лукашэнка, прыведзены да ўлады Лубянкай, якая ад пачатку 90-х была рухавіком аднаўленьня імпэрыі, не супакоіцца, пакуль ня выканае галоўную мэту сваіх гаспадароў — зьнішчэньне беларусаў як этнасу.

Таму ў Беларусі над беларускім народам чацьвертае дзесяцігодзьдзе зьдзяйсьняецца этнацыд.

І менавіта гэтыя словы — «этнацыд беларускага народа» — павінна быць у першых жа фразах беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў на міжнародных сустрэчах.

Калі яны сапраўды лічаць сябе прадстаўнікамі гэтага, а ня нейкага іншага, народа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(4)