Филин

Юлія Кот

Што не так з версіяй пра нібыта падрыхтоўку тэракта беларусам, які быў забіты ў Карэліі расійскімі ФСБшнікамі

Прадстаўнік BELPOL — пра тое, як у РФ змагаюцца з «тэрарыстамі», і чаму відэа захопу і забойства беларуса ў Карэліі з вялікай доляй верагоднасці ёсць інсцэніроўкай.

Мікалай Аляксееў

У Расеі пры затрыманні забіты грамадзянін Беларусі Мікалай Аляксееў. Як сцвярджаюць у ФСБ, беларус быў «завербаваны расейскімі спецслужбамі» і «рыхтаваў тэракт».

У прыватнасці, паводле версіі следства, «па заданні куратараў» беларус нібыта збіраў інфармацыю адносна аб’ектаў транспартнай інфраструктуры і органаў выканаўчай улады рэгіёна. А са сховішча, якое выкрылі сілавікі, нібыта забраў самаробнае выбуховае прыстасаванне — з бытавога таймеру, брытанскай выбухоўкі і амерыканскага дэтанатару — «з мэтай здзяйснення падрыву аднаго з адміністрацыйных будынкаў г. Аланца».

Аднак пры затрыманні, зноў жа, па версіі следчых, мужчына адкрыў агонь і «ў ходзе боесутыкнення быў нейтралізаваны», а супрацоўнікі органаў бяспекі і грамадзянскае насельніцтва не пацярпелі.

Падрабязнасцяў пакуль няма, але нават у афіцыйнай версіі ФСБ бачныя нестыкоўкі. Так, расейскія сілавікі сцвярджаюць, што беларус знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку; між тым ён некалькі год спакойна працаваў вахтамі ў РФ.

Паводле родных і знаёмых загінулага, ён быў глыбока веруючым, больш за тое, нават прыняў сан — таму, нягледзячы на асуджэнне вайны ва Украіне, не мог страляць у людзей і тым больш рыхтаваць падрыў.

Таксама незразумела, адкуль узялася інфармацыя пра нібыта вярбоўку ўкраінскім бокам і знаходжанне Мікалая Аляксеева ў складзе Палку імя Кастуся Каліноўскага. Нарэшце, дзеля чаго планаваць узарваць будынак адміністрацыі у карэльскім Аланцы, — у старажытным населеным пункце на сёння ўсяго 7,5 тысяч жыхароў, няма воінскіх частак, а са «стратэгічных прадпрыемстваў» — малочны і хлебазавод?

Пра тое, чым тлумачацца гэтыя нестыкоўкі, і ці можа гаворка ісці пра грубую інсцэніроўку «знішчэння тэрарыста», Филин запытаў у аб’яднання былых сілавікоў Беларусі BELPOL.

— Нашыя аналітыкі правялі пэўную работу з апублікаваным матэрыялам, і прыйшлі да высновы, што відэаролік з нібыта захопам прадстаўнікамі ФСБ беларуса Мікалая Аляксеева мае відавочна пастановачны характар, — зазначае прадстаўнік аб’яднання. — Мяркуем, што гэтае відэа было знятае ўжо пасля забойства Аляксеева (калі ён быў забіты).

Дзеянні супрацоўнікаў ФСБ у відэароліку, адзначае эксперт, не адпавядаюць тактыкам, што прымяняюцца ў такой сітуацыі — «для захопу аб’ектаў, якія могуць быць узброеныя ці мець пры сабе якія-небудзь выбуховыя рэчывы».

— У падобнай сітуацыі найбольш рацыянальным, а таксама бяспечным для групы захопу было б чакаць выхаду аб’екта, перахапіць яго на выхадзе з самога будынку, — працягвае суразмоўца. — Тым больш, будынак адзіночны, а вакол маюцца месцы для арганізацыі схаванага назірання — як бачна на пачатку роліка, мужчыну «вялі» дронам.

А ў выпадку штурма ўнутры будынку і блакіравання ўмоўнага тэрарыста ў адным з памяшканняў, як правіла, выкарыстоўваюць светлашумавыя гранаты, што дазваляе цалкам дэзарыентаваць аб’ект і захапіць яго жывым.

— То бок, страляць і забіваць наогул не было неабходнасці?

— Так, выглядае абсурдам: навошта знішчаць аб’ект, калі вы яго «вялі», бачылі, ці мае ён пры сабе зброю альбо не, і зыходзячы з гэтай інфармацыі, маглі спланаваць аператыўныя мерапрыемствы.

Таму мы мяркуем, што выкладзены відэаролік — фікцыя. Аляксееў, хутчэй за ўсё, быў забіты пры іншых абставінах, а тое, што паказала ФСБ — інсцэніроўка.

Таксама хацелася б адзначыць, што ўжо шмат гадоў у мэтах «барацьбы з тэрарызмам» ФСБ практыкуе затрыманні грамадзян, у тым ліку замежнікаў, без дакументальнага афармлення.

Пасля затрымання людзей катуюць і дабіваюцца патрэбных паказанняў, а потым ужо здымаюць ролікі з нібыта затрыманнем гэтых асоб. З Мікалаем Аляксеевым магла адбыцца дакладна такая ж гісторыя.

Бо інакш — навошта ліквідаваць «тэрарыста», калі трэба ад яго даведацца падрабязнасці і нюансы справы? А калі вы іх ужо ведаеце, то чаму даяце магчымасць забраць выбухоўку са сховішча, прытым сховішча пасярод поля, вы кантралюеце «тэрарыста» з дронаў і прысылаеце вялікую групу захопу? Выглядае крыху недарэчна.

— Бязглуздзіцай выглядае і версія аб тым, што рыхтаваўся тэракт у карэльскім Аланцы, дзе ўсяго два прадпрыемствы, і тыя мірныя, ды шараговая прамежкавая чыгуначная станцыя з трыма рэйкамі. Ці з гэтага паспрабуюць зрабіць жахлівую гісторыю пра «дыверсію»?

— Не выключана, што так. Выбар Аланца, мне падаецца, можна інтэрпрэтаваць так: чым больш занядбанае месца, тым менш будзе доказаў таго, што ўсё гэта інсцэніроўка, тым менш людзей, якія хоць неяк уцягнутыя ў палітычныя працэсы, чытаюць тэлеграм, як беларусы.

Бо гэта Расея, і там, што далей МКАДа, гэта, скажам шчыра, далёка не ХХІ стагоддзе па ўзроўні жыцця. Таму вельмі зручна: вось адбылося нешта, і ніхто нічога не чуў, не бачыў, не ведае.

Умоўна кажучы, не прыйдзе мясцовы блогер ці актывіст з расповедам і фактамі, што ўсё было не так — ну і выдатна, кропку паставілі і пайшлі далей, а знайсці канцы будзе значна больш складана.

Насамрэч, рэзюмуе прадстаўнік BELPOL, забойства беларуса Мікалая Аляксеева магло адбыцца ў іншым месцы і іншы час:

— А задача абнародаванага відэа — паказаць дакладную, правільную і якасную працу расейскай ФСБ, якая, па вялікім рахунку, недалёка адышла ад беларускага КДБ. Вучыліся яны ў адных і тых жа месцах, і фантазія, падобна, адна на дваіх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)