Скура, чад і пакемоны: як байкеры сустрэлі вясну

Як сноўбардысты мараць пра снежную зіму, гэтак аматары двух колаў песцяць думку пра надвор’е, спрыяльнае для падарожжаў. У Варшаве афіцыйна адкрылі Мотасезон-2024.

Сотні брутальных байкераў і пікантных байкерш на матацыклах самых розных калібраў з’ехаліся да польскага Аўтамотаклубу на захадзе сталіцы ў раёне Бемова.

З пункту гледжання сярэднестатыстычнага беларускага сілавіка, на каго ні глянь – бадай, усе абсалютна ненадзейныя і падазроныя тыпы: у татуіроўках, скураных касухах з заклёпкамі, з голенымі патыліцамі. Маскі блазанскія на шлемы панацягвалі, дзяцей на свае пякельныя машыны панасаджалі... А некаторыя нават палітычныя лозунгі замест нумароў папрыкручвалі!

На нумары напісана «Я..ць PiS» (PiS – кансерватыўна-нацыяналістычная партыя «Права і справядлівасць»)

Але ў выніку ўсе гэтыя страшныя людзі дысцыплінавана пашыхтаваліся, адстаялі купкамі на светлафоры і рушылі на цэнтральныя вуліцы Варшавы раўці маторамі. Ну не мілата?

Сярод удзельнікаў варшаўскага мотапараду былі заўважаныя і нашы суайчыннікі на крутым матавым байку

Праехаўшы праз цэнтр, байкеры фінішавалі ў раёне Ўрсынаў, дзе ўсіх ахвотных чакаў пікнік з бясплатнай раздачай гарохавага супу і кілбасак грыль з палявой кухні ды з іншымі гастранамічнымі цікавосткамі.

«Салідарнасць» пакуль сваім «харлеем» не абзавялася і, на жаль, да гэтых смакоццяў не дабралася. Але ж сезон толькі пачынаецца!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(6)