Вучоны-хімік: Знойдуцца людзі, якія змогуць пошук «ветра ў полі» прадаць вар’яту — як у казцы пра голага караля

Вучоны-хімік Сяргей Бесараб — пра перспектывы новых пошукаў карысных выкапняў, айчынныя ноу-хау і «асваенне грошай» як нацыянальную ідэю лукашэнкаўскага рэжыму.

У Беларусі, верагодна, пачнуць узмоцнена шукаць карысныя выкапні і больш інтэнсіўна асвойваць іхнія радовішчы. Прынамсі, такое даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй нарадзе па развіцці мінеральна-сыравіннай базы.

У прыватнасці гаворка тычылася нафты. «У савецкія часы мы здабывалі 9 мільёнаў тон нафты. Сёння — 2. У чым справа?» — «наехаў» на сваіх чыноўнікаў правіцель, дадаўшы: асабіста ён не верыць, што за дзесяцігоддзі ўсе запасы выкачалі. Затое верыць:калі ўзмоцнена даследаваць нетры зямлі, у іх абавязкова знойдзецца «тое, што трэба краіне».

Хібе беларусы насамрэч дрэнна ведаюць, што схавана ў нашых нетрах — ці даўно ўжо ўсе разведкі праведзеныя і аб’ёмы карысных выкапняў вядомыя, і рэч у тым тым, што Лукашэнка больш слухае ўласную інтуіцыю, чым навукоўцаў? Пра тое, чаму хутчэй за ўсё адданыя выканаўцы пачнуць шукаць і што-небудзь знойдуць, Филин пагутарыў з беларускім вучоным-хімікам, экс-супрацоўнікам Акадэміі навук і навукова-тэхнічным блогерам Сяргеем Бесарабам.

Сяргей Бесараб

— Гледзячы на ўсё гэта блазнерства, што адбывалася на нарадзе, хочацца адразу згадаць выказванне Стыва Джобса: працаваць трэба не 12 гадзін, а галавой. Але, дарэчы, ёсць і адрозненні ў паводзінах чыноўнікаў: ужо хто-ніхто пасміхаецца, і ў вачох у некаторых бачная пагарда да цырку —відаць, прачыталі маю калонку і прынялі да ўвагі, — іранізуе суразмоўца.

Што ж да прыродных рэсурсаў і сыравіны — на шчасце (а мо, для кагосьці на гора), іх размеркаванне прывязана толькі да фізічных законаў Сусвету, а не да трызнення чалавека з адукацыяй гісторыка.

Гэта датычыцца і Беларусі: большасць радовішчаў была разведаная яшчэ ў савецкія часы, усё больш-менш вядома.

— Натуральна, здабыча ажыццяўлялася — як і цяпер ажыццяўляецца — тымі сродкамі, якія фармуюць суму тэхналогій на дадзены момант часу. А яшчэ ёсць такая рэч, як камерцыйная мэтазгоднасць: здабываць карысныя выкапні, кошт здабычы  якіх перавышае іх уласны кошт — гэта блазнерства ці нават вар’яцтва.

Таму загад «шукаць лепей», мяркуе Сяргей Бесараб — чарговая серыя зацяжнога фрык-шоу, у мінулых сезонах якога быў касмічны эпізод («нікому не патрэбныя лялечныя спадарожнічкі»), энергетычны (АЭС, з якой дагэтуль улады не ведаюць, што рабіць). І вось цяпер — пошук таго, чаго няма, «ветра ў полі».

— І самае дрэннае, на мой погляд, у тым, што знойдуцца людзі, якія змогуць гэта прадаць вар’яту — як у казцы пра голага караля. Махляроў зараз дастаткова, таму ніякага аптымізму на гэты конт у мяне няма: калі ёсць запыт, знойдуцца тыя, хто «адшукае».

Пры гэтым у Беларусі насамрэч хапае розных прыродных рэсурсаў, зазначае навуковец. Але гэта зусім не значыць, што карысныя выкапні «ляжаць пад нагамі», як мяркуе правіцель.

Рэч у тым, што чалавецтва дагэтуль вельмі мала ведае пра зямную кару, дзе знаходзіцца большасць карысных выкапняў. Бо таўшчыня зямной кары — ад 30 да 70 кіламетраў, а Кольская звышглыбокая свідравіна, збудаваная для навуковых мэтаў яшчэ ў савецкія часы і да сёння самая глыбокая ў свеце — «зазірнула» ў нетры крыху больш чым на 12 кіламетраў. То бок, у лепшым выпадку — на трэць.

— У гэтым сэнсе чалавечыя «калупанні» нагадваюць часотачных кляшчоў, якія буравяць слой эпідэрмісу, той верхні слой, які злушчваецца, у надзеі нешта там сабе знайсці, — праводзіць паралелі Сяргей Бесараб. — А глыбей, нават калі б і хацелі, не маюць фізічнай магчымасці пранікнуць. І ў выпадку з карыснымі выкапнямі тое самае.

У Беларусі шмат чаго ёсць цікавага. Напрыклад, радовішчы ўрану, і нават немалыя — у Гродзенскай вобласці, каля Карэліч, непадалёк ад маёй малой радзімы.

Вельмі просценькі там пасёлак, а пад ім велізарныя радовішчы ўрану, тысячы тон. Але  яны знаходзяцца на такой неверагоднай глыбіні, што мэтазгоднасць здабычы не тое што нулявая, яна адмоўная.

Але, зноў жа, калі «кліент» хоча — знойдуцца тыя, хто яму гэта прапануе. Што называецца, любое вар’яцтва за вашыя грошы.

— Аднак некаторыя чыноўнікі рызыкнулі запярэчыць Лукашэнку: прыкладам, адносна аб’ёмаў нафты, якія здабывалі раней, адносна базальту, які залягае глыбока і трэба падумаць, як яго здабыць, перш чым выкарыстоўваць, і верагодных выдаткаў на такую здабычу. Магчыма, здаровы сэнс пераможа і запуску новых «прарыўных праектаў» не адбудзецца?

— Я даўно ўжо прызвычаіўся да таго, што цудаў не здараецца — нацыянальная ідэя лукашэнкаўскай Беларусі палягае ў тым, каб рэалізаваць усё дрэннае, што можна сабе ўявіць.

Але справа ў тым, што ў верхняй частцы зямной кары сапраўды амаль усе сокі выціснутыя. І калі б гэты гісторык хоць трохі вучыў у школе геаграфію, то, напэўна, разумеў бы, што да чаго з той жа нафтай.

Ён узгадаў, што ў 1975 годзе каля 8 мільёнаў тон нафты ў Беларусі здабылі. А за ўвесь час незалежнай Беларусі штогод здабыча круціцца на ўзроўні 1-1,5 мільёна, то крыху менш, то трошкі больш — і шмат хто з геолагаў кажа, што рэсурсы ўжо вычарпаныя, і нічога новага тут не зробіш.

Летась, згадвае вучоны, беларускія нафтаздабытчыкі з помпай расказвалі пра «новы метад здабычы» ZipperFrac — аднак на справе выявілася, што нічога новага і неверагоднага там няма, проста адаптавалі да беларускіх рэалій тэхналогію, якая выкарыстоўвалася ў Тэхасе з 70-х (!) гадоў мінулага стагоддзя. Прычым яна прымянялася на старых, закінутых свідравінах, груба кажучы, каб сабраць з іх апошнія кроплі запасаў нафты — але ніякага профіту ад гэтага не было і быць не магло.

— Мяркую, што і цяпер знойдуцца тыя хітрыя дурні, якія прададуць падобную недарэчнасць пад маркай інавацыі, — дадае Сяргей Бесараб. — У нас жа, як Мясніковіч увёў трэнд на інавацыі, усе з імі і носяцца.

Бо гэта яшчэ адна нацыянальная прымаўка ў лукашэнкаўскай Беларусі: «грошы асвоеныя». Я гэта вельмі часта чуў у Акадэміі навук — неважліва, які вынік, галоўнае, што грошы засвоілі.

І таму ў той час, як свет працуе з новымі крыніцамі энергіі — у прыватнасці, вадародам, якая, па меркаванні Сяргея Бесараба, можа стаць «нафтай трэцяга тысячагоддзя» — у Беларусі, нагадаем, збудавалі адну непатрэбную БелАЭС і ўжо носяцца з ідэяй другой станцыі. Хоць для выкарыстання таго ж вадароду ў краіне ўсё ёсць: прадпрыемства, якое шмат дзесяцігоддзяў працуе з выдародам і аміякам («АЗОТ» у Гародні), незапатрабаваныя магутнасці БелАЭС.

— Але я нават не чуў, каб у Беларусі пра гэта хтосьці казаў. І гэта сведчыць пра ўзровень візіянерства тых жа міністраў, якія часам дрэнна арыентуюцца нават у сваёй сферы, — канстатуе навуковец.

А вось датычна айчыннага базальту, вытворчасцю якога таксама даручыў заняцца Лукашэнка, эксперт не такі катэгарычны:

— Тэма цікавая і неадназначная. Рэч у тым, што базальта, граніта, умоўна, шчэбня ў Беларусі хапае. Канешне, вельмі энергетычназатратна плавіць шчэбень і рабіць з яго мікравалокны. Тым больш, разглядаць вытворчасць звычайнай каменнай ваты як ноу-хау, якое выведзе краіну ў лідары — проста смешна, гэта робіць хто заўгодна, можа нават у Афрыцы.

У цэлым базальтавае валакно — рэч цікавая, у тым ліку і з пункту гледжання перспектыўных адсарбентаў, і я не мяшаў бы гэтую тэму з агульным блазнерствам, якое адбываецца ў сферы геалогіі і выкарыстання нетраў. Але ж матэрыялазнаўчы навучтэх патрабуе і высокай кваліфікацыі, даследаванняў, значных інвестыцый, а не меркавання абсалютнага дылетанта, у якога і кансультанты ці хлусяць, ці самі не разумеюць, пра што размова. І гэта, безумоўна, тупік.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)