История

Андрэй Кныш

«Я тады не думаў, куды я еду, навошта я еду, каго я буду там забіваць»

15 лютага спаўняецца 35 год вываду савецкіх войскаў з Афганістана. «Салiдарнасць» прыгадвае, якім чынам тая вайна звязаная з Беларуссю.

Паводле дадзеных Рэспубліканскай кнігі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама зборніка «Афганская вайна (1979-1989 гг.): ключавыя аспекты сучаснага асэнсавання», выдадзенай Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, у баявых дзеяннях у Афганістане прынялі ўдзел 28832 беларусы. Беларускі саюз ветэранаў ацэньвае колькасць беларусаў-«афганцаў» у 32000 чалавек.

Адрозніваюцца і дадзеныя па колькасці загінулых на той вайне. Пры гэтым гаворка ідзе пра афіцыйныя крыніцы. Так, агенцтва БЕЛТА падае лічбу ў 771 чалавека. 1500 былі параненыя, 718 засталіся калекамі. А ўсё той жа БрДТУ сцвярджае пра 723 смерці беларусаў на вайне ў Афганістане.

Палац Аміна пасля штурма

У падзеях 27 снежня 1979-га, калі савецкі спецназ захапіў стратэгічныя аб’екты ў Кабуле і штурмаваў палац афганскага лідара Хафізулы Аміна, прымалі ўдзел віцебская 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія і 334-ы асобны атрад спецыяльнага прызначэння, створаны на базе 5-й брыгады.

У Афганістане ваявалі авіятары з размешчаных на тэрыторыі Беларусі авіяцыйных палкоў — усяго больш за 2500 тысячы вайскоўцаў. 

З сакавіка 1993-га ў Беларусі дзейнічае грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Год таму ён налічваў 12306 чалавек.

Алесь Пушкін (злева). Кабул, 1985-ы

Праз тую вайну прайшлі вядомыя беларусы. Прадпрымальнік і апазіцыянер Мікола Аўтуховіч за ўдзел у шэрагу аперацый быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». У Афганістане ён служыў больш за два гады.

У адным з інтэрв’ю ён расказаў, як з часам змяніўся ягоны погляд на тую вайну:

Я тады не думаў, куды я еду, навошта я еду, каго я буду там забіваць, што я буду там рабіць — я тады не думаў. Сказалі «трэба» — і ты паехаў. Цяпер, калі пасталеў, я, канечне, зразумеў, што мы там былі непатрэбныя, што гэта была не нашая вайна, што мы забівалі людзей, якія баранілі сваю свабоду.

Мастак Алесь Пушкін служыў на аэрадроме, ахоўваў бомбасклады. У Афганістане пачаў весці дзённік па-беларуску. Ягоны зямляк знайшоў яго, пераклаў напісанае і данёс начальству. За «крамолу» Пушкіну давялося адправіцца на гаўптвахту.

Праваабаронца Алег Волчак служыў у памежных войсках. Ён пазбег раненняў, але ледзь не страціў жыццё з-за небяспечнага віруса.

Прайшлі праз службу ў Афганістане і людзі з атачэння Лукашэнкі — ягоны блізкі паплечнік Віктар Шэйман і заснавальнік сумнавядомай «Лініі Сталіна» Аляксандр Мятла. А таксама кіраўнік праўладнага пісьменніцкага саюза Мікалай Чаргінец.

Святлана Алексіевіч у Кабуле, 1988 год

Многія ведаюць «Цынкавых хлопчыкаў» — дакументальны летапіс афганскай вайны аўтарства нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.

Акрамя яе на гэтую няпростую тэму пісалі таксама паэтка Яўгенія Янішчыц, паэты Віктар Карамазаў, Артур Вольскі і Вячаслаў Дубінка. Празаік Іван Шамякін прызвяціў гэтай трагічнай падзеі раман.

Яўгенія Янішчыц «Верш, напісаны ў цырульні»

Шчэ ні агонь, ні скруха не лякае,

Але чаму схіліўшыся ніжэй,

Цырульнік вас трывожнымі рукамі

Бязбожна так і клопатна стрыжэ!

 

Маёй вясны далёкай адгалоскі...

І я ужо сачу праз ціхі боль,

Як ападаюць пышныя прычоскі —

Русявыя. І чорныя, што смоль.

 

Таму шапчу услед на голас звонкі,

На смех ваш безаглядна-малады:

Радзімыя, шчымлівыя жаўронкі,

Дай бог сустрэць мне вас праз два гады!

 

Шчаслівае дарогі вам і пошты,

Хай вас цяпло радзімы саграе.

...Ад першай кулі гінуць. Ад апошняй.

Не па-мі-рай-це!.. хлопчыкі мае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(10)