Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Думаю, ён адчувае, што не так ужо грамадства станоўча настроенае на вечнага Лукашэнку»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юрый Дракахруст у каментары Филину паразважаў пра апошнюю нашумелую заяву Мінска і яе магчымых адрасатаў.

Юрый Дракахруст

— Чым можна патлумачыць чарговы кульбіт Лукашэнкі, які нечакана выказаўся пра свой удзел у выбарах? Мінулым разам мы абмяркоўвалі з вамі ягоную заяву, якой ён, на вашу думку, даслаў сігнал дзяржаўнаму апарату. Каму і які сігнал прагучаў гэтым разам?

— Гэта і праўда цікавая заява. Сапраўды, каб забяспечыць лаяльнасць эліт, трэба насамрэч як мага раней абвяшчаць пра свае намеры. Бо інакш там пачынаецца рознае варушэнне, роздум пра тое, а на каго ставіць, з кім гуляць, каго падтрымліваць. І папярэдняя заява ўсе гэтыя размовы спыняе.

Я думаю, што адрасаты гэтага нібыта абвяржэння, гэтага сеяння сумневаў — грамадства ў цэлым, гэта Расія і Захад. Думаю, ён ведае, разумее, адчувае, што не так ужо грамадства станоўча настроенае на вечнага Лукашэнку.

Нехта, зразумела, настроены, а некаму гэта не вельмі падабаецца. Хтосьці можа памятаць ягоныя ўласныя заявы 2020-га пра тое, што ён больш не пойдзе на выбары. І таму Лукашэнка forever, магчыма, не ўсім падабаецца.

І гэта можа ўплываць на хаду падзеяў. Нам можа здавацца, што нічога ні нашто ўплываць не можа, што ўсё забетанавана. А Лукашэнку, магчыма, не. Магчыма, ён адчуў, што грамадства можа даць нейкую нечаканасць вось гэтай перспектывай, калі яна будзе сфармуляваная такім чынам.

Другі адрасат — Масква. Засталіся ў мінулым 2020-ы і 2021 год, калі ў Крамлі сур’ёзна гаварылі пра транзіт улады ў Беларусі. Пра тое, што, прынамсі, з гэтай пасады Лукашэнка павінен сысці, што будзе нейкая іншая канструкцыя.

Так, гэтыя заявы засталіся ў мінулым. Так, падаецца, Лукашэнка іх цалкам задавальняў, але магчыма там узніклі новыя думкі на гэты конт, новыя сітуацыі — у ваеннай сферы, палітычнай.

І, дарэчы, сам ён пра гэта не гаворыць, але не выключана, што гэта нават больш важны момант — хто ўзначаліць УНС. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Лукашэнка. А на пасадзе прэзідэнта, я думаю, расейцаў задаволіла б, не выключана, іншая асоба. Зразумела, што цалкам лаяльная і самому Лукашэнку, і Маскве.

У любым разе гэта можа быць такі пасыл: а яшчэ не да канца вырашыў, я яшчэ падумаю. Пасланне крамлёўскім: я прымаю вашыя меркаванні, вашыя спадзевы і разлікі.

І, нарэшце, Захад. Так, з ім усе гаршчкі пабітыя. А на іншы погляд — усялякае можа быць. Гэта таксама пэўнае пасланне. Зразумела, калі Лукашэнка будзе на пасадзе старшыні УНС, на прэзідэнцкай пасадзе хтосьці іншы — гэта не эквівалент росквіту дэмакратыі. Мякка кажучы.

Тым не менш гэта можа быць пасланне пра тое, што магчымыя варыянты: сістэма не стане больш дэмакратычнай, але яна можа стаць больш гнуткай і разнастайнай.

Так, гэта крышачку збівае імпульс, пра якім мы мінулым разам казалі. Бо наменклатура ў пэўнай разгубленасці будзе: дык што — пойдзе ці не пойдзе? На каго глядзець?

Магчыма, ён вырашыў, што плюсы ад няпэўнага паслання гэтым тром адрасатам значаць больш, чым сігнал апарату. Хаця, што тычыцца наменклатуры, я не выключаю, што па нейкіх сваіх унутраных каналах ёй будзе сказана: гэта не для вас, для вас было сказана на выбарчым участку.

І, дарэчы, я не ведаю, наколькі апошняя заява была пачутая. Сказанае ў нядзелю апублікаваў увесь свет, і расейцы ў тым ліку — «Лукашэнка вырашыў». Цяперашняя заява ніякага сусветнага розгаласу не мела, падаецца. І калі казаць абстрактна пра нейкіх заходніх адрасатаў, я не ўпэўнены, што да іх гэты сігнал дайшоў.  

— Тое, што расійская рэдакцыя Forbes вымушаная была пад ціскам лукашэнкаўскіх прапагандыстаў зняць з сайта артыкул пра Лукашэнку — гэта стрэл сабе ў нагу, ці ўсё ж перамога прапаганды?

— Гэта з аднаго боку, а з другога ўсё ж такі Forbes — гэта не «Известия» ці нейкая «Российская газета». Гэта ўплывовае замежнае выданне. І калі яны могуць наўпрост цэнзураваць замежныя выданні, няхай яны і выдаюцца ў Расіі, гэта дэманстрацыя таго, што яны такое могуць. І пры чым такім самым чынам, вельмі падобным на тое, што адбываецца ў Беларусі.

Калі той жа Азаронак або Бондарава прыходзяць у музей ці на выставу і ўсіх там «строяць». Ну вось, у іх і тут так атрымалася. Я памятаю, як у другой палове 90-х таксама ў Мінску абураліся зместам нейкіх расійскіх публікацый. Але гэта адбывалася па ўрадавай лініі.

Тут яно таксама па ўрадавай лініі, але з падачы нейкіх актывістаў, хунвэйбінаў. Гэта дэманстрацыя таго, што можна не толькі ў сябе ў краіне, умоўна кажучы, вырубаць YouTube. То бок, калі нейкая публікацыя ў заходняй прэсе ім не спадабаецца, то яны могуць прымусіць выданне следаваць патрабаванням беларускай цэнзуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(20)