Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Лукашэнкаўская прапаганда прысела перад Крамлём у позе «ку»

Палітычны аглядальнік — пра звальненне паслоў, а таксама  пра прычыны адмены творчай сустрэчы з рэжысёрам Аляксандрам Сакуравым у Мінску.

Аляксандр Лукашэнка звольніў беларускіх паслоў, якія прадстаўлялі Беларусь у Германіі, Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі і Кыргызстане.

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину выказаў думку, што зваленні дыпламатаў могуць нейкім чынам звязаныя з нядаўнімі парламенцкімі выбарамі, а таксама хуткім фармаваннем Усебеларускага народнага сходу. Вакантныя месцы дыпламатаў могуць заняць былыя дэпутаты.

Юрый Дракахруст

— З аднаго боку ў Беларусі не вельмі прынятыя пасольскія прызначэнні чыста палітычныя. То бок нейкага старшыню камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці ставіць на дыпламатычную пасаду. Але і гэта невыключана.

Напрыклад, нейкага чалавека ў Палаце ці Савеце рэспублікі ўжо не хочацца бачыць па тых ці іншых прычынах. Ну вось — амбасада. Я тут трошкі фантазірую. Але гэта можа быць адной з прычынаў.

Адбываюцца досыць істотныя апаратныя змены. Зразумела, што дэмакратыя тут зусім не прычым, яна там і побач не стаяла. Але чыста апаратныя выбары — гэта пэўнае ўзварушэнне, гэта змена роляў і статусаў.

І ў гэтым сэнсе, магчыма, кагосьці пашлюць на гэтыя месцы. А звольненых, хто адбыў кадэнцыю, накіруюць у цэнтральны апарат МЗС, або ў іншыя амбасады. 

— То бок, гаворка можа ісці пра банальную ратацыю кадраў?

— Так, бо я не бачу тут нейкай надзвычайнай палітычнай подбіўкі. Каб, напрыклад, Нямеччына або Кыргызстан запатрабавалі адстаўкі менавіта гэтых амбасадараў. Звычайна беларускія амбасадары паводзяць сябе ціха і спакойна.

Памятаеце, быў украінскі пасол у Нямеччыне Андрэй Мельнік? Ён даволі рэзка выказваўся наконт краіны, у якой ён быў акрэдытаваны. Ну, гэта такая пазіцыя. У Беларусі яна свая, зусім іншая, часам у нечым нават супрацьлеглая.

Я не памятаю, каб палявыя дыпламаты, якія працуюць у нейкай сталіцы, паводзілі б сябе ў стылі прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза. Ён вядомы сваімі разухабістымі заявамі. Пэўна, у нечым капіруе сваю расійскую калегу.

Але ад амбасадараў я не памятаю нечага, нават аддалена падобнага на такое. Яны вельмі асцярожныя і вельмі акуратныя.

Мы не ведаем, зразумела, што яны гавораць за зачыненнымі дзвярыма, калі іх выклікаюць у МЗС адпаведных краін. Але гэта адбываецца за зачыненымі дзвярыма. То бок, нейкіх публічных скандалаў і не прыгадаць.

Хіба што з амбасадарам Мірончыкам — у сувязі з тым, што Швецыя прызначыла сваю прадстаўніцу, скажам так, пры дэмакратычных сілах. Але, ізноў жа, у гэтым скандале спадар Мірончык не быў галоўным. Наколькі я памятаю, тады выказваўся МЗС, а не ён.

— У Мінску адмянілі паказы фільмаў расійскага рэжысёра Аляксандра Сакурава. Ён мусіў прысутнічаць на тых паказах. Вядома, што супраць паказаў выступілі Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін.

Зусім нядаўна мы былі сведкамі скандальнай гісторыі з публікацыяй у расійскім выданні Forbes, знятай пасля ўмяшальніцтва лукашэнкаўскіх прапагандыстаў. Пра што гэта сведчыць? Хунвэйбіны ўваходзяць у смак?

— Што тычыцца Азаронка, то гэта тыповы хунвэйбін. А што да Гігіна, то да нядаўняга ён быў чыноўнікам, цяпер ён дэпутат. Неўзабаве, магчыма, атрымае новую пасаду.

Выглядае гэта так, нібыта грамадзянская супольнасць, як бы смешна гэта не гучала, выказвае свае думкі. Ну а ўжо ўлада гэтых думак прытрымліваецца.

І я думаю, што ў сітуацыі з «Форбсам» яны адстойвалі свае інтарэсы, бо тая публікацыя пляжыла Лукашэнку. А ў дадзеным выпадку, у гэтай гісторыі з Сакуравым, думаю, гэта пэўны кніксэн перад Крамлём.

Сцэна з фільма «Кін-дза-дза!»

Улічваючы тое, што Сакураў нелаяльны Крамлю, прынамсі ў эстэтычным сэнсе, то гэта можна расцаніць, як пасланне: мы змагаемся з вашымі ворагамі.

Ну, і для параўнання можна прыгадаць гісторыю Віктара Шандаровіча, якая здарылася ці не ў 2019-м у самы разгар інтэграцыйных падзей. У яго мусіў быць канцэрт у Мінску, які раптам знялі з-за «тэхнічных прычын». А потым яму патэлефанавала Наталля Эйсмант і сказала, што «беларуская публіка чакае яго».

Паколькі часы былі тады такія, то нават сама спадарыня Эйсмант не паленавалася вырашыць гэтую праблему. Цяпер часы іншыя, адносіны іншыя. Адпаведна, стаўленне да расійскіх творцаў вось такое, іншае.

І гэта бачна па тоне. Калі не СМІ, то тэлеграм-каналаў. Маўляў, гэтая публіка — нашы ворагі. І гэты пасыл гучыць. Фактычна, прыселі з ім у позе «ку» перад Крамлём, як у фільме «Кін-дза-дза!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)